|
|
|
Вячаслаў
Лыпынські
"Нацыяналізм, патрыятызм
і шавінізм"
(Зь ліста да Б.Шэмэта)
Нацыяналізм бывае дваякі: дзяржаватворчы і дзяржаваруйнуючы - такі, што
спрыяе дзяржаўнаму жыцьцю нацыі і такі, што гэтае жыцьцё разьядае. Прыкладам
першага можа быць нацыяналізм ангельскі; другога - нацыяналізм польскі,
украінскі. Першы ёсьць нацыяналізмам тэрытарыяльным, другі - нацыяналізмам
экстэрытарыяльным і веравызнаўчым. Першы называецца патрыятызмам, другі
- шавінізмам.
Калі Вы жадаеце, каб была Ўкраінская Дзяржава - Вы мусіце быць патрыётамі,
а не шавіністамі. Што гэта азначае?
Гэта азначае, перш за ўсё, што Ваш нацыяналізм мусіць абапірацца на любоў
да сваіх землякоў, а не нянавісьць да іх за тое, што яны не ўкраінскія
нацыяналісты. Для Вас, напрыклад, мусіць быць бліжэйшым украінскі масквафіл
ці палянафіл (гэты, як Вы яго завёце: Маларос і Русін), чым чужынец, які
Вам меў бы дапамагчы вызваліцца ад Масквы ці Польшчы. Вы мусіце ўсе свае
пачуцьці і ўвесь свой розум засяродзіць на тым, каб знайсьці паразуменьне,
знайсьці агульную палітычную мову зь мясцовым масквафілам ці палянафілам
- іншымі словамі: стварыць зь імі разам на Ўкраінскай Зямлі асобную дзяржаву,
а не на тое, каб па-за межамі Ўкраіны знайсьці хаўрусьніка, які бы дапамог
Вам зьнішчыць мясцовых масквафілаў і палянафілаў.
Шавініст робіць усё навыварат: ён заўсёды ў імя нацыяналізму паразумеецца
з чужынцам супраць свайго земляка. Прыклад: галіцкія масквафілы, што езьдзяць
да Варшавы прасіць дапамогі супраць мясцовых галіцкіх «палякаў». Такога
кшталту нацыяналізм робіць немагчымым існаваньне Ўкраінскай Дзяржавы,
бо спужаныя хаўрусам «украінцаў» з чужынцамі мясцовыя масквафілы і палянафілы
заўсёды паклічуць з далёка большым посьпехам чужынцаў супраць «украінцаў»
і зьнішчаць дзяржаўную незалежнасьць Украіны.
Далей, шавінізм украінскі адрозьніваецца ад шавінізму польскага і жыдоўскага,
які ён насьледуе, тым, што ён ня мае такіх глыбокіх культурных і эканамічных
каранёў, што далі б яму магчымасьць стаць моцным веравызнаўчым і эканамічным
рухам, як астатнія. Культурныя карані Ўкраіны ў народзе ўкраінскім не
глыбейшыя за карані Русі, і калі пачаць іграць на пачуцьцях, на эмоцыях,
на «нацыянальнай веры», то на Ўкраіне пераможа заўсёды «Союзъ Русскаго
Народа», а не «Саюз Украінскага Народу». Шавінізм украінскі, які ёсьць
нацыяналізмам на моду крамнікаў (жыдоўскі заклік «свой да свайго») і на
моду жывучых ад алтароў «нацыянальнай ідэі інтэлігентаў», давядзе палітычную
ідэю Ўкраіны да пагібелі, бо ані дзейсныя бакалейшчыкі, ані да чагосьці
здатныя інтэлігенты на Ўкраіне шавінізмам украінскім не захопяцца. У нас
ён заўсёды будзе прадстаўлены тыпамі Данцовых і таму падобных азлобленых
і эгацэнтрычных асобаў, закаханых у сябе людзей, якія сваёю бясьсільнаю
злобаю ўсё творчае, жыцьцяздольнае на Ўкраіне ад Украіны адганяюць.
Дык будзьце патрыётам, а не шавіністам. Быць патрыётам - гэта азначае
жадаць усімі сіламі сваёй душы стварэньня людзкага, дзяржаўнага і палітычнага
сужыцьця людзей, што жывуць на Ўкраінскай зямле, а не мроіць пра патапленьне
ў Дняпры большасьці сваіх жа ўласных землякоў. Быць патрыётам - гэта азначае
шукаць задавальненьня ня ў тым, «каб быць украінцам», а ў тым, каб было
гонарам насіць імя ўкраінца. Быць патрыётам - гэта азначае перш за ўсё
патрабаваць прыгожых і добрых учынкаў ад сябе, як ад украінца, а ня перш
за ўсё ненавідзець іншых таму, што яны «не ўкраінцы». Урэшце, быць патрыётам,
гэта азначае, будучы ўкраінцам, выхоўваць у сабе перш за ўсё грамадзкія,
палітычныя, дзяржаватворчыя прыкметы: веру ў Бога і паслухмянасьць яго
законам, гэта значыць духоўныя вартасьці; далей вернасьць, цьвёрдасьць,
сільнавольнасьць, дысцыпліну, пашану да сваёй традыцыйнай улады (манархізм),
наогул кажучы, рыцарскасьць - гэта значыць палітычныя вартасьці. Быць
жа шавіністам - гэта азначае прыкрываць сваю духоўную пустку (безрэлігійнасьць)
і сваю руіннасьць: здрадніцтва, кар'ерызм, здэклясаванасьць - фанатычнымі
выгукамі пра «маці-Ўкраіну», пра «родную мову», пра «мы - украінцы!»,
пра клятых «маскалёў ды ляхаў» і да т.п. Барані Божа Вас ад такога роду
«нацыяналізму», які можа прынесьці толькі тое, што ўжо прынес: руіну Ўкраіны.
12 сьнежня 1925 г.
Пераклад: Алесь Хмара
|
|
|
|