галоўная
усе творы
спасылкі
кантакт
гасьцёўня

Уладзімір Падгол

КУЛЯ ДЛЯ ПРЭЗІДЭНТА
альбо
ЛАДДЗЯ РОСПАЧЫ Ў САНТА-БАЛОЦЕ, ЦI ЯК ЛЮБIЦЬ ПРЭЗIДЭНТА

 

ПЕРШАЕ ВЫДАННЕ ТВОРА Ў ГАЗЕЦЕ "ВЫБАР" ПАД НАЗВАЙ "ЛАДДЗЯ РОСПАЧЫ Ў САНТА-БАЛОЦЕ, АЛЬБО ЯК ЛЮБІЦЬ ПРЭЗІДЭНТА" АРЫШТАВАНА РАЗАМ З ГАЛОЎНЫМ РЭДАКТАРАМ БАРЫСАМ ХАМАЙДАМ І ЎЛАДЗІМІРАМ ПЛЕШЧАНКАМ 26 ЛІПЕНЯ 1997 ГОДА Ў 22--45 ЗА ПЯЦЬ ХВІЛІН ДА АДЫХОДУ ЦЯГНІКА ПОЛАЦК-БАРАНАВІЧЫ Ў ВАГОНЕ. УСЕ "КУЛІ" МІЛІЦЫЯНТЫ ПЕРАДАЛІ Ў КДБ.

15 ЖНІЎНЯ НАМЕСНІК АБЛАСНОГА ПРАКУРОРА ПА ВІЦЕБСКАЙ ВОБЛАСЦІ ЎЗБУДЗІЎ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ПА ФАКТУ "ОСКОРБЛЕНИЯ ВЫСШЕГО ДОЛЖНОСНОГО ЛИЦА В ПРОИЗВЕДЕНИИ "...ЯК ЛЮБІЦЬ ПРЭЗІДЭНТА" -- УРЫЎКУ З КНІГІ "КУЛЯ ДЛЯ ПРЭЗІДЭНТА" 15 ВЕРАСНЯ Б. ХАМАЙДА БЫЎ ВЫКЛІКАНЫ НА ПЕРШЫ ДОПЫТ У ПРАКУРАТУРУ.

АД АЎТАРА:

Шмат хто ў героях кнігі пазнае сябе, сваіх сяброў ці знаёмых. Шмат хто пазнае таксама вядомых палітыкаў. Але ж аўтар, калі пісаў кнігу, ствараў сваіх герояў хоць і падобнымі на знаёмых і вядомых людзей, але тым не менш нікога з сапраўдных людзей не выводзіў у галоўныя героі. І калі хто пакрыўдзіцца за абразу, пазнаўшы ў творы сябе, дык гэта можа зрабіць толькі чалавек з хворай псіхікай. Бо наша грамадства -- самае здаровае ў свеце! А калі вы, чытач, ведаеце, што з галавою ў вас не ўсё у парадку, ды яшчэ маеце на гэта даведку ці які дыплом, дык кнігу гэту вам нельга не толькі чытаць, але нават і ў рукі браць. Пра што і сказана ў інструкцыі па эксплуатацыі.

ІНСТРУКЦЫЯ ПА ЭКСПЛУАТАЦЫІ

Дзецям да 18-і год чытаць забаронена.

Хворым на галаву кнігу не чытаць, карцінкі не глядзець, а пілюлі глытаць, тэлевізар уключаць ды прэзідэнта ў "Локан страсці" цалаваць!

Дарослым, якія не выйшлі з дзіцячага ўзросту, не чытаць,
а калі чытаць, дык "паліваць".

Дарослым дзецям -- чытаць ды рагатаць.

Старым, якія здзяцінелі -- чытаць ды "негодовать".

Рафінаваным інтэлігентам пра секс са Смерцю чытаць, заплюшчыўшы вочы ды не спаць ноччу.

Вертыкальшчыкам чытаць ды на ВУС матаць.

Гарызантальшчыцам чытаць -- вертыкаль уздымаць.

Цяжарным не чытаць і нават у доме не трымаць.

Прэзідэнту чытаць, бы "кулю" сабе ў лоб пускаць.

Прыхільнікам голд-ап не толькі чытаць, а абавязкова працяг пісаць.

Аўтару пісаць -- дзірку сабе ў галаве свідраваць на кулю, а ў кішені на дулю.

ПРА ШТО ГЭТЫ ТВОР

Жыццё і Смерць існуюць разам і змагаюцца, і перамагае калі Жыццё, а калі Смерць. Але Смерць ведае, што калі знікне жыццё, дык знікне і яна - Смерць. І таму калі-нікалі Смерць вяртае чалавеку жыццё. Раз-пораз сутыкаюцца ў жыцці таямнічыя, загадкавыя пачуцці -- сапраўднае каханне і садызм. Паміж імі ідзе змаганне за чалавечую душу. Бывае, што перамагае каханне і садыст ператвараецца ў нармальнага чалавека, але перамога над садызмам у чалавеку прыводзіць да смерці кахання. Калі садызм перамагае каханне, дык гіне нават чалавек. Садызм не ведае, што яго абсалютная перамога над каханнем прывядзе да Смерці Жыццё. І калі так здарыцца, дык знікнуць і каханне, і жыццё, і Смерць ды і сам садызм. Так сталася, што Смерць закахалася ў шчырага беларуса, які вельмі любіў жыццё, і да таго ж не баяўся Смерці. А больш за ўсё яму было страшна страціць сапраўднае каханне ды любоў. Чаго толькі не вытварала Кашчавая на свой смяротны манер, каб набыць, каб заваяваць сапраўднае каханне! Незвычайныя якасці спатрэбіліся шчыраму беларусу, каб змагацца са Смерцю і яе паслугачамі. А якасці цудадзейныя набыў шчыры беларус, калі да яго трапіла папараць-кветка. Ён раскрыў таямніцу чароўнай кветкі, таямніцу, якой валодала толькі Смерць, і такім чынам шчыры беларус даведаўся пра крыніцу неўміручасці. І Кашчавая ўрэшце зразумела, чаму не можа вынішчыць беларусаў і ў чым цудадзейная моц яе ворагаў і абаронцаў нацыі ад вынішчэння. Яна ўпершыню даведалася, хто такія беларускiя нацыяналісты. Мара Бога здзейснiлася.

"Я рос человеком, который не верит в судьбу. Но особенно после президентских выборов я подумал, что какие-то есть сверхъестественные силы, которые человека ведут в этой жизни... Впервые в этой жизни так произошло, что случилось что-то такое неординарное и президентом стал человек вопреки всем канонам политической борьбы и политической жизни... Наверное всё-таки есть какая-то сила, которая управляет не только мною и отдельными людьми, но и обществом в целом."
(З тэлевыступу Прэзідэнта БЕЛАРУСІ А. ЛУКАШЭНКІ
на беларускім тэлебачанні 20 красавіка 1995 года напярэдадні выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання і рэферэндума "по языку и символике").
ІДАЛ І КАНСТЫТУЦЫЯ

Гэтая гiсторыя пачалася шмат стагоддзяў таму. У лясах, дзе цяпер стаіць Шклоў, на беразе рэчкі Серабранкі жылі старажытныя людзі. Яны былi слабыя i верылі ў розныя цуды, якiя абавязкова зробяць iх жыццё сытым i абароняць ад ворагаў. З вялiкага каменя тагачасныя людзi высеклi iдала, тварам на чалавека, i паверылi ў тое, што менавiта гэты iдал i ёсць цудадзей. Людзi перасталi працаваць i паляваць, а толькi мiтусiлiся каля каменнай статуi, натхняючы адзiн аднаго як мага мацней любiць iдала. I енчылi каля балвана, i кленчылі, i ахвяры яму прыносiлi, і ў каменныя вусны яго цалавалi, а некаторыя жанчыны спрабавалi, абняўшы таго шклоўскага iдала, зацяжарыць i нарадзiць волата!

Але не баранiў балван ад ворагаў, якiя забiвалi шклоўцаў, як "оўцаў". І хлебам не карміў , а толькi дурыў- ачмураў, ды каменныя вочы ягоныя здзеклiва глядзелi на дурняў. Урэшце паразумнелi нашыя продкі i скiнулi каменнага iдала ў вір Серабранкі.

А замест iдала стварылi Дзяржаву i Канстытуцыю. Гэта была самая першая дэмакратычная Канстытуцыя ва ўсёй Еўропе. Людзей ядналi права, справядлiвасць і Бог. І хлеб яны здабывалі, i святы святкавалі.

Канстытуцыя ж так наладзiла памiж людзьмi адносiны, што нi сварак, нi боек, нi раздраяў не дапускала. Таму ўсе шанавалі закон і Канстытуцыю.

I маглi нашы продкі баранiцца ад любога ворага. Жыццё пайшло такое, што дзiву даваліся людзi з усяго свету. Бо так кахаць, як кахалi беларусы, не мог нiхто. А дар кахаць, любiць ды весела жыць -- самая галоўная мера жыццёвай здольнасцi народу.

Але ж любоў ды каханне ні чалавеку, ні нацыі не даюцца дарма.

І доўгі час іх рэдка каму ўдаецца перажываць -талент мець трэба. А хто хоча імі валодаць, як прыгоннымі, ці рэччу якой, застаюцца ні з чым. Бог дае, Бог бярэ. Калі ж сам любоў ды каханне праз ахвяраванне ды пакуты набудзеш, дык і бараніць іх апантана будзеш.
ЗАЙЗДРАСЦЬ ДЫ КАХАННЕ СМЕРЦІ

Так шчаслiва жылi нашы продкі, што Смерць iм зайздросцiць пачала.

І во дзіва-дзіўнае -- вырашыла Смерць, гледзячы на беларусаў, пажыць па-людску. І пачала яна шукаць краіну, людзі ў якой па-сапраўднаму маглі б любіць, весяліцца ды шчыратою душы ганарыцца. Абышла Смерць усю зямлю. Нідзе ёй не спадабалася, акрамя як у Беларусі. Кашчавая пастанавіла: тут маё месца, людзей трэба на той свет звесці, а сабе сям'ю завесці. А каханне ды любоў задумала з беларусаў высмактаць, каб пачуццяў цёплых ды ўзнёсласці на ўсё смяротнае жыццё хапіла. Да таго ж без кахання ды любові не будзе беларусаў, а ператворацца яны ў быдларусаў і не стануць бараніць радзіму ад ворагаў.

А яшчэ Смерць любіла нябожчыкаў ды тапельцаў, дурняў ды вар'ятаў, і хацела гумар у беларусаў вылегчаць, бо чалавек без гумару, што жывы труп.

Да таго ж захацела Кашчавая сабе завесці сыночка ды мужанёчка. А каб галаву гаспадарскім клопатам не тлуміць, усё роўна ў пустым чэрапе мазгоў няма, вырашыла Смерць Прэзідэнта стварыць. Ды не абы-якога, а адмысловага, каб не толькі гаварыць мог, але й страшэнна крычаць, цуды вытвараць, вачыма бліскаць ды бельмамі варочаць.

Смерці ніколі не выпадала ніякіх перашкодаў, хай рана, хай позна, а дамагалася яна свайго. Кашчавая была ўпэўненая, што можа ўсё.

І пачала яна смяротнае жніво. Вайну за вайной пакаціла на Беларусь. Смерць "касіла" людзей, як траву, сілкавалася лепшымі чалавечымі пачуццямі, як жывёла травою, а асалоду мела, калі адчувала страх людзей ды іхнюю скоранасць. У крыві неўпакораных купалася. Духам тых, хто ад страху ў штаны напускаў, як дарагімі парфумамі карысталася.

Запусцiла яна па ўсёй Беларусi ладдзi роспачы, у якiя збiрала самых закаханых

у жыццё i ў сваю радзiму. Смерць высмоктвала з душаў людзей любоў ды каханне, памяць ды шанаванне, а паслужэнец вампір-ваўкалака выпiваў з iх кроў. І дурэлі і вар'яцелі людзі ад страху, безнадзейнасці і роспачы.

Толькі гумар ратаваў беларусаў ад здурнення і вар'яцтва. Менавіта таму Смерць і лягчала ў беларусаў пачуццё гумару. Дайшло да таго, што беларусаў пачалі зваць нацыяй, якая ўвесь час стогне, енчыць, слёзы лье ды перад любою свалатою кленчыць.

Смерць існуе толькi тады, калi сiлкуецца каханнем. Мёртвае бездухоўнае падла ёй не патрэбна. Калі б зніклі людзі з узнёслымі пачуццямі, знікла б і Смерць, а жыццё ператварылася б ў тужліва -смяротнае існаванне.

Але вось што дзіўна. Як ні шчыравала Смерць, але ж на кожнай ладдзі знаходзіўся беларус, які не толькі не пужаўся ды Смерці не скараўся, але... жартаваў ды смяяўся. І вар'яцела Смерць ад бяссіля, бо смех аднаго шчырага беларуса гумар у Смерці адбіраў і астатнім вяртаў.

У той час натрапiла Смерць на дзіўнага беларуса Гервасiя Вылiваху. Ён так моцна любiў жыццё, кахаў жанчын і не баяўся смерці і Смерці, што Кашчавая аж завібравала касцьмi ад прадчування асалоды -- доўгачаканай здабычы. А больш за ўсё Кашчавая захаплялася шчырым беларусам таму, што ён не баяўся Смерці! Да таго ж калі Гервасій смяяўся, дык нават яна ад замілавання высільвалася на ўсмешку- атрымліваўся толькі выскал чугунных зубоў у азбеставых сківіцах.

Кашчавая прыхапіла Гервасія, прывяла да сябе пад зямлю, запрасіла згуляць з ёю ў шахматы. Ён пагадзіўся i выйграў, а стаўка была -- жыццё. Нiкому на свеце да гэтага не ўдавалася перагуляць Кашчавую. А незвычайны беларус Гервасiй, калі выйграў у Смерцi Жыццё, падзялiў яго на некалькi частак. Часцiнкi свайго жыцця ён, зусім не шкадуючы, наадварот з радасцю, аддаў каханай дзяўчыне, якую Смерць за тое, што Гервасій пацалаваў прыгажуню на вачах у Кашчавай, забрала на той свет. Падзяліўся Выліваха сваім жыццём i з дзесяткам сяброў-беларусаў. І ўсе яны вярнуліся на зямлю. Ды не проста вярнуліся, а з вялікім каханнем да жыцця, якое падарыў ім Гервасій.

Пасля гэтага Смерці яшчэ больш захацелася забраць да сябе гэтага шчырага беларуса. Яна падумала, што Выліваха не любіць жыцця, бо так лёгка раздорвае яго іншым людзям, а любіць яе -- Смерць. Упершыню за сваё "жыццё" Смерць адчула, што прапала, закахалася. Да гэтага яна ведала толькі радасць ад бязмежнай улады над людзьмі і асалоду ад іхняга страху перад ёю -- Смерцю. А тут сама ўпершыню радавалася, што не забрала жыццё, а аддала. Радавалася і пакутавала адначасова, бо адорваць жыццём было папярок яе характару. Ды і не падарункам было жыццё Гервасія. Аддала Кашчавая жыццё Выліваху, каб потым назаўжды яго да сабе забраць, валодаць ім ды каханне смактаць.

Калi ўжо здалося Выліваху, што ён вырваўся з лап Смерцi, яна падрыхтавала яму i беларускаму народу яшчэ адно выпрабаванне. Рашыла згуляць з Вылівахам яшчэ адну незвычайную партыю. На дошку паставіла жыццё ўсіх беларусаў, як фігуру для смяротнай гульні.

"РУССКАЯ РУЛЕТКА"

Пасля таго, як Гервасій Выліваха выйграў у Смерці ў шахматы жыццё сабе, каханай і сябрам, прайшло шмат часу. Пасталеў Выліваха. Перажыў ён і гора і шчасце -- выйшаў той тэрмін, які Гервасій выйграў у Смерці для сваёй каханай-суджанай, і забрала Смерць Гервасіевую каханую сабе. Ды пакуты ёй прыдумала жудасныя.

Па-першае, не проста ў шкілет яе ператварыла, нават шкілет той на кавалкі пабіла ды па-пачварнаму змацавала-прыладзіла. І служкай сваёй зрабіла. Пасылала былую прыгажуню па маладых хлопцаў. Тыя ад жаху пужаліся, былая прыгажуня пакутавала, а Кашчавая ад радаснай помсты выскалялася.

Гервасій бы адчуваў пакуты каханай і смуткаваў, цяжка жыў. Ад пакутаў Выліваха яшчэ больш папрыгажэў. Смерці ж не толькі не пужаўся, а наадварот у бітвах толькі і шукаў яе. Але нешта не давала Выліваху загінуць. Ці сама Кашчавая не хацела яго браць мёртвым, ці нейкая невядомая сіла бараніла Гервасія, а можа, нават ім апекваўся Бог -- невядома.

А Смерць не знаходзіла сабе месца. Яна спадзявалася, што пазбавіцца ад хваробы, чалавечай заразы -- кахання, знішчыць яго, але ж не атрымалася. Чым больш назірала Кашчавая за жыццём Гервасія, тым больш распальвалася яе страсць да шчырага беларуса.

І аднойчы Кашчавая не вытрымала і паслала па Гервасія яго былую каханую, прыгажуню, у шкілет ператвораную ды з патрушчанымі косткамі, адным словам --страхалюдзіну жудасную. А вопратку ёй выдала старую, у якой хадзіла прыгажуня на спатканні да Гервасія. Адправіла пудзіла хадзячае, а сама не вытрымала ды ўслед паляцела, бы варона да сокала.

Ціха ступіла на двор Вылівахі пасланніца Смерці, а ў хату да былога каханага не змагла зайсці. Віхурай крутанулася над ёю раз'юшаная ды каханнем працятая Кашчавая, штурхаючы ў спіну. Але пакутніца - а ні з месца, быццам Бог на імгненне вярнуў ёй душу ды волю. Выліваха сам адчуў цягу нечалавечую і выйшаў.

Выйшаў і калені падкасіліся. Каханне і Смерць у адным вобліку стаялі перад ім. Нічога не мовіла каханая, толькі сарамліва схіліла галаву, быццам роспач адчувала і бяссілле. Усё зразумеў Выліваха. А перасіліўшы страх, зрабіў крок насустрач, працягнуў рукі каб абняць ды супакоіць. Але тутка Смерць, што чакала прыкрасці ў вачах Вылівахі ў прыпадку рэўнасці адкінула былую прыгажуню на той свет, а сама стала на яе месца. Войкнуў Гервасій, паморшчыўся ды спытаў:

--І не надакучыла табе, Кашчавая, здзекавацца? Забірай ужо, ды ведай, што душу табе не аддам.

Колькі разоў марыла Смерць пра слова "забірай", але цела Гервасія ёй было не патрэбнае без душы, без кахання. А як жа хацелася Смерці кінуцца ў абдымкі шчыраму беларусу, адчуць ягонае цяпло ды смак пацалункаў! Але ж уладарніца жыццяў чалавечых магла дзейнічаць толькі з вышыні свайго ўладнага становішча. Нават каханне чалавечае яна збіралася не ўзбуджаць, а падначальваць ды хітрасцю зваяваць.

-- Захотелось мне пожить по-человечески,-- пачала сваю споведзь Смерць Гервасію,- и решила Я сделать Белоруссию своей страной, естественно, без белорусов. Пока что временно создала под Белоруссией "Невиданое миру государство". Сынка себе завела -- Пациента и сделала его Президентом "Невиданного миру государства". Есть у меня на примете и Президент моей будущей Белоруссии - ЛукаПШЫК. Ты же знаешь, Я честно играю в этой жизни. Поэтому предлагаю тебе вновь сыграть со мной. Но на этот раз не в шахматы, а в "Русскую рулетку". Играть будем вчетвером:

1. Я -- Смерть.

2. Мой сыночек -- шкловский идолочек Пациент, он же Президент "Невиданного миру государства".

3. Президент будущей Белоруссии ЛукаПШЫК.

4. Ты -- Гервасий, щирый беларус.

Если выиграю Я или мои ребята, заберу белорусский народ к себе, "дзяржаву" утоплю в болоте.

А если же выиграешь ты -- щирый беларус, то і народ останется, и "дзяржава" твоя "расквитнеет", и отстану Я от вас на века..."

У чыстым выглядзе гульня ў "Русскую рулетку" выглядае так: бяруць "офицеры" рэвальвер. У барабане толькі адна куля, і ніхто не ведае дзе, у якім гняздзе. Кожны па чарзе прыстаўляе рэвальвер сабе да скроні і націскае на курок. Камусьці шанцуе, а хтосьці мазгамі кулю частуе.

Прыкладна такую гульню прыдумала і Смерць. Яна даслала ў свой гістарычны рэвальвер лёсавызначальную КУЛЮ і вырашыла даць мажлівасць стрэліць шклоўскаму ідалу, ягонаму земляку -- Прэзідэнту будучай Беларусі ЛукаПШЫКУ. І яшчэ па адным стрэле мелі права зрабіць шчыры беларус і сама Смерць. Як выглядае тая куля, ніхто не бачыў акрамя Смерці.

ЛукаПШЫК -- быў запланаваны Смерцю, як Прэзідэнт будучай Беларусі. Смерць спадзявалася, што пшыкаты Гервасія напужае, калі той пачне страляць і рука задрыжыць...

Смерць была ўпэўненая ў сваёй перамозе, бо яшчэ ніхто і ніколі не выйграваў у яе ўсю гульню -- у фінале. Апошні стрэл заўжды быў за ёю. І Смерць ніколі не пудлавала, на тое яна і Смерць! Але, калі бяспройгрышная гульня ў "одни ворота" надакучвала, яна наладжвала смяротныя гульні з жыццём, даючы ахвяры шанец на перамогу.

-- Што азначае "выйграю"? -- перапытаў Вылiваха ў Смерці.

-- А вот что, -- адказала Смерць . --

1. Если люди будут верить, что шкловский идол-Пациент является нормальным человеком;

2. Если шкловский идол людей поманит в "невиданное миру государств", а они за ним побегут будто в божье царство;

3. Если ЛукаПШЫКА будут считать или посланником Бога, или его сыном Христом;

4. Если он будет над людьми издеваться, а они ему поклоняться;

5. Если он людей ко мне, Смерти, поведет, а народ радостные песни запоет;

6. Если тех, кто людей начнет спасать, они начнут камнями побивать;

7. Если людям будут говорить:

"Вы Беларусы і павінны людзьмі звацца"",

а они ответят:

"Мы Быдларусы і хацім над сабой пастуха, пугу і саседзям аддацца".

Это значит, выиграли мы.

Калі ж ты, беларус, зможаш абудзіць свой народ ад чмуру, калі зможаш удыхнуць у душы людскія натхненне да Жыцця Любаноснага, калі твае суайчыннікі зразумеюць, што ідал -- Пацыент -- Смерці рэзідэнт і мне давядзецца яго ратаваць ад гневу людскога і божай кары, тады твая ўзяла -- выйграў ты.

Смерць намышляла, як ёй здавалася, бяспройгрышную гульню і таму бравіравала. Забіць яе сыночка-ідалочка было амаль немагчыма. Колькі жылі хрысціянскія людзі, столькі знішчалі ідалаў, а Смерць іх потым ізноў ажыўляла і людзей ачмурала. Трэба было ведаць сакрэт існавання ідала, каб перамагчы яго.

Прэзідэнта ЛукаПШЫКА ёй не было шкада, бо мела Смерць досыць гэтага дабра. А вось беларуса ў выніку смяротнай гульні яна мерылася абдурыць ды сабе прыхапіць -- такое ўжо ў Смерці каханне -- на падман ды прымус спадзяванне.

Выліваха чарговы раз пагадзiўся на прапанову Смерці згуляць з ёю, толькі гэтым разам не ў шахматы, а "в русскую рулетку", хоць цудоўна разумеў небяспеку гульні аднаго супраць траіх. Але выбару не было. Ён заўжды смяяўся з тых, хто гуляў "сам против себя". Пляснуў у знак згоды па плячы кашчавай Смерцi магутнай пяцярнёй так, што тая ледзь не рассыпалася i забрынчала шкiлетам, бы тая "русская трещётка". А калі Кашчавая крыху супакоілася, дадаў:

-- Толькі давай ужо на роўных. Я сабе знайду яшчэ двух паплечнікаў, згода?

Пагадзілася Смерць, пакумекала, што не Бога ж возьме Гервасій у хаўруснікі!
ПЕРАМОГА АЛЬБО СМЕРЦЬ

Дамовіўшыся з Гервасіем аб асноўных умовах гульні, Смерць не стрымалася, хітравата і з радасцю вялікай дадала:

-- Ледзь была не забылася сказаць табе, калі ты прайграеш, дык існаваць будзеш вечна. Існаваць, а не жыць, не жывацець. І табе ўжо беларусам век не звацца, а са мною -- Смерцю, як з каханкай, мілавацца. І кожнае ночы будзеш мяне лашчыць ды цалаваць, асалоду любоўную даваць.

Пачуў Гервасій блізкае, незямное, такое жыццёва прывабнае, і інстынктыўна, як рабіў гэта ў далёкім юнацтве, з рызыкай для цнатлівасці хлапечай, з рызыкай нарвацца на вясковыя кепікі, з мужыцкім тайным смакам прыпячатаў далонь да быццам бы фігурыстага азадка "сяброўкі". Боль працяў даланю, а Смерць узбудзілася, гразвярэдзілася, гарэзліва павяла плячыма, як тая паненка-нечапанка, і імгненна "крутанулася", размалявала "шчочкі" свайго чэрапа бураком, касцяныя вусны адмысловай "губной помадою" -- "сгущёнкой из крови" чарговай ахвяры, а ў вачніцы ўклала светлякі з могілак, і яны пачалі свяціцца халодным гіпнатызуюча-прыцягальным святлом. Гервасій асцярожна намацаў тое вострае, што выклікала боль і тым не менш абуджала надмужчынскае незямное прыцягненне. У далоні аказаўся хвасцец, прыкрыты зверху чорнай накідкай. У гэты момант нейкая незямная сіла Смерці ўцягнула ў сябе паветра і светлякі ў яе вачах заблішчалі нечым, падобным на жаноцкую жарсць. Кашчавая па-свойму зразумела Гервасія: " А, мітусіцца мужычок! Кахання прагне! Ну-ну, настойлівы гарэза!.. На ж табе..." Рашуча пасунулася Смерць да будучага каханка, ды так гэта зрабіла, халодная, што яе вопратка -- смяротная накідка расхінулася, і явіла пагляду тое, што чалавеку звычайнаму і бачыць сорамна. Не разгубіўся Гервасій, хоць і спужаўся - не звар'яцець бы! Убачыў Гервасій тое месца, якое ў жанчын падчас Вылівахавай песты і ласкі распускалася, як маладзенькая ружа. А тут -- выперла лабковая костка з бліскуча-белага адшліфаванага мужыкамі-ахвярамі тазавага касцяка, а замест "ружы" жудасна ззяла чорная дзірка, якую Смерць прасвідравала, каб займацца сексам. З дзіркі-няўтульніцы гэтай цягнула жорстка-халодным скразняком.

Гервасія аж у халодны пот кінула. Ён скамянеў, уявіўшы, як прыйдзецца яму ўсё сваё ў будучым бясконцае жыццё шаравацца аб гэтую костку ды націраць крывавыя мазалі аб краі сексуальнай свідравіны. І яшчэ невядома, ці будзе Смерці асалода ад таго трахання, не кажучы ўжо пра найвышэйшы ўзлёт кахання.

А калі не? Калі будзе так, што ён, Гервасій, ужо пусты і зняможаны, адкінецца на ложку, а яна галодная, спрадвеку без мужыка на сабе, незадаволеная і раз'ятраная, што не можа адчуць радасці здаровага жаночага шчасця, асабліва калі жанчына кахае, накінецца на яго... Калі Смерць з жудасным стогнам "Ещё!-Ещё!" схопіць у сваю кашчавую пяцярню яго знясіленую і спустошаную плоць, якую пакінулі семя і кроў, зацісне яе ў халодных фалангах і пачне шморгаць туды-сюды, каб дамагчыся пругкасці і адчуць халоднымі косткамі гарачыню і пульсацыю жыцця...

Гонар і сімвал моцы Гервасія, пра які марыла шмат жанчын, гледзячы на яго нос, ад відовішча смяротнай дзіркі і магчымай сексуальнай "раскрутки" кашчавай скукожыўся і стаў падобны на носік маленькага мышаці, якое высунулася з норкі.

Лозунгі "Свабода альбо вечныя пакуты", "Перамога альбо Смерць" набылі цяпер для Вылівахі даволі пэўнае значэнне.

-- Давай гуляць па правілах,-- спыніў Гервасій сексуальныя парыванні Смерці,-- і тады кожны атрымае тое, што заслужыў.

Ляснула Кашчавая ад роспачы сківіцамі, і з гэтага моманту сэнсам яе існавання стала перамога над Гервасіем у "Русской рулетке".
ПАЗАЙЗДРОСЦІЛА СМЕРЦЬ ЖАНЧЫНАМ

Калі Кашчавая гуляла з Гервасiем Вылiвахам у шахматы на ягонае жыццё, яна адначасова пазбаўляла Беларусь людзей, якiя могуць апантана кахаць i любіць радзiму.

Калі Кашчавая дамаўлялася згуляць з Гервасіем Вылівахам у "Русскую рулетку", яна адначасова знішчала лепшых ваяроў-абаронцаў.

Не стала каму баранiць сваю зямлю, засталiся ўсё больш "Иваны, родства не помнящие", бязвольныя, без свайго Бога ды без любовi да Жыцця. Пачала занепадаць дзяржава, бо яе раздзiралi на кавалкi захопнiкi. І кожная вайна, якую Смерць насылала на Беларусь, забірала то траціну народу, то цэлую палову.

Плач і стогн мацярок стаяў над калісьці квітнеючай краінай. Слёзы не прасыхалі на іх тварах. А Смерць радавалася. Настаў яе зорны час!

Але Кашчавая ніяк не магла вынішчыць усіх беларусаў. Раз-пораз над краінай чуліся іншыя крыкі і з'яўляліся на вачах у мацярок іншыя слёзы -- слёзы радасці. А хаты напаўняў дзіцячы смех... Бачыла Смерць, што колькі б яна ні забірала да сябе беларусаў, колькі б ні высмоктвала з іх каханне ды любоў, а жыццё было мацнейшае ды пачуццё радасці ад нараджэння немаўлят пераважала тугу ды смутак ад гібелі блізкіх.

І зноў зайздрасць, што яна не можа паспытаць жаноцкай радасці ад нараджэння дзіцяці, ахапіла Смерць. Ёй захацелася пазбавіцца ад наканаванага ёй Богам пачуцця самоты, паспытаць жаноцкага шчасця. І задумала Кашчавая незвычайнае.

І НАРАДЗІЛА СМЕРЦЬ ШКЛОЎСКАГА ІДАЛА
І ЗРАБІЛА ЯГО ПАЦЫЕНТАМ

У бяды свае званы. У злыдняў свае чорныя святы. У Смерці свае хітрыкі ды звычкі, традыцыі ды забабоны, а яшчэ ў Смерці ёсць свае слабасці. Нялюдскія, нежывыя, стылыя, як апёк снежаньскага маладзіка ў завейна-завірушных ваўкалачых прыцемках. Калі ў шчасця пацалунак, дык у смерці -- выскал, калі ў радасці спеў, дык у гора -- скавытанне. Замест смеху -- плач; не кветка-папараць, а выццё ў гушчары ды драпежная зяпа на кожным лясным кроку; не празрысты дзень, а бясконцая ноч. Ці арабінавая, калі ўся нечысць з пекла на свой штогадовы шабас збіраецца і Бог наладжвае паляванне: бліскавіцамі меціць пачвар, грукатам з нябёсаў жах наганяе: турыць назад у пекла. Ці самая доўгая і самая вусцішна-таямнічая ноч, калі ўзімку грымоты грымяць і калі ніхто, акрамя Смерці не ведае, што гэта такое...

Вось аднойчы у гэткую ноч, самую доўгую ўзімку, устала Смерць на дыбкі ад радасці, сакоча, як маладзіца перад спатканнем, рыхтуецца да свайго свята -начнога клопату з непаспешлівасцю. Ох, і цяжка ёй даецца чаканне ў хвалюючым прадчуванні блізкай асалоды. І замітусілася Кашчавая - носіцца па ўсім свеце, касою сцінае жыцці людскія. І злятаюць з касы кроплі-забойцы, трапляючы ў нутро чалавека не як божая раса, а як Смерці сляза. Але ўсё ж такі цягне час Кашчавая, марудзіць, і пакута яе, як мёд, чалавеку, бо разумее паганая, што свята чакання, свята -- як талер жабраку, неўспадзеўку знойдзены пад дзвярыма карчмы.

А святочны клопат у Кашчавай гэтай ноччу самы жудасны. Убраная ў вянкі з гора, у накідцы з бяды, у карунках з тугі ды смутку ходзіць яна, урачыста пастуквае на марозе косткамі, сярод магіл. Пяшчотна прыцмоквае, мармыча штосьці сваё, толькі ёй не па-людску зразумелае.

І стыне сэрца ў выпадковых падарожных, і адымаюцца ногі ў іх і рукі, вывальваецца язык, калі бачаць яны, як раптам, нібы па адзіным загадзе выбухае, ускідваецца над могілкамі снежны дым, як трашчаць-лопаюцца пад прамерзлым покрывам паўзгнілыя труны, як выварочваюцца стылыя камякі зямлі пад рукамі-косткамі тых, у каго і пры жыцці душы чорныя былі ды мёртвыя. І выпаўзаюць пад месячные святло мёртвыя пачвары, і схіляюць звыкла слізкія чарапы перад сваёй матухнай Смерцю. А тая, таксама застылая ва ўрачыстым разуменні ўлады сваёй, нетаропка пералічвае гадаванцаў-паганцаў, паслугачоў гора, бяды і граху, яшчэ раз падсумоўвае, як сквапны старац нарабаванае ў маладосці багацце, плён жорсткай смяротнай навалы.

А потым, калі падлічыла ўсіх да аднаго нябожчыкаў і памеціла тых, каго возьме ахвяраю ў гэтую жудасна-святочную ноч, хутчэй да рэчкі і возера. Туды, дзе пад цьмяным лёдам сцішана да часу дыхаюць віры, а на дне -- тапельцы, якія не вытрымалі выпрабавання жыццём. І пад вар'яцкі стогн-смех узрадаваных мерцвякоў уздымаюцца яны, міргаюць вырачанымі вачыма, б'юць рукамі-водарасцямі аб лёд, пазіраюць з-пад яго замілавана на гаспадыню.

І зноў вядзе Смерць сваю страшэнную інвентарызацыю, загінаючы косткі на далонях, ускідваючы ў захапленні яміны вачэй да халодных зорак.

І вось у адну такую жудасную ноч пераўзышла Смерць саму сябе ў вар'яцкім вынаходніцтве. Калі звычайна адбірала яна беззваротна ў людзей жыццё, высмоктвала радасць і шчасце, дык на гэты раз вырашыла даць жыццё. Але жыццё не звычайнае, з каханнем, дзецьмі, сябрамі і радзімай, а жыццё, якое ўсё гэта знішчае. І абранца адпаведнага падшукала. Старанна усё абдумала, бо вырашыла, як ужо вядома, чалавечым жыццём пажыць. Не толькі каханка прыдбаць, але і сыночка нарадзіць.

І сціхлі мерцвякі ў тую гадзіну, і яшчэ больш вылупілі набрынялыя вочы тапельцы, і прачнуліся ў страшэнным прадчуванні сумленныя людзі, а набрыдзь усялякая, наадварот, сны салодкія-брыдкамярзотныя смакавала, калі выйшла на заснежаны бераг рэчкі Серабранкі, дзе зараз Шклоў, сама Смерць. Змяла сваім памялом снег з лёду, якою звычайна змятае кроў з ахвяры. Дзьмухнула гніллю, на лёд - адшліфавала яго. Не лёд стаў, а шкло. У мёртвай цішыні месяц у галавах завіс, не кранецца, а рэчка серабром пераліваецца. Ні брэху сабачага, ні паху чалавечага над ракой. Ну якія тут народзіны?! Але...

Штосьці цьмянае ды вялікае цяжка варухнулася на дне. І яшчэ больш пругкая цішыня павісла ў наваколлі. За сто вёрстаў адсюль, у забытай богам вёсцы прачнуўся ў халодным поце на гарачым чарэне шасцідзесяцігадовы п'яніца Мікола. Хоць і піў з маленства, але палясоўшчыкам столькі жыццяў і лёсаў выратаваў, што сярод вяскоўцаў ды жыхароў наваколля амаль святым лічыўся. Усё жыццё царкву абыходзіў, а тут па бажніцы ў чырвоным куту вачыма забегаў і нечакана забытую з дзяцінства малітву ўспомніў. Упаў з грукатам на падлогу: "Божа, барані..."

А Смерць, касу ды мятлу адклаўшы, рукі-косткі з берагу над вірам узняла, замармытала, завохкала, здалёк быццам і на жанчыну цяжарную стала падобная, бо рэбры ў яе раздаліся, як жывот у цяжарнай, ды ў крыжы разапнулася ўшыркі. Напружынілася Кашчавая, ногі растапырыўшы, і зноў замерла, як крумкач перад узлётам. А там, унізе, на дне захвалявалася, заварушылася нешта цёмнае, жудасна вялізнае і бездапаможна непаваротлівае. А на беразе зноў заенчыла, затрызніла, амаль па-бабску захліпала. І нейкая жвавасць пайшла пад лёдам. Бо і ў нелюдзяў таксама цяжкія народзіны! Закульгала нешта на дне, пачало ўздымацца чорна-тлустай вертыкаллю і тут жа схавалася гэтае "нешта" цёмных клубах ускалочанага глею. Потым вырвалася вялізная істота з гэтай падлёднай хмары, завісла на імгненне і ўпэўнена пайшла ўгору. Б-у-у-у-м! Здрыгануўся лёд, але вытрымаў. І ў гэты момант разваліла марознае неба маланка, і ляснуў пярун як пастух бізуном. "Навальніца на голы лес! За што, божухна...",-- з такой думкай і памёр пад лаўкай Мікола-п'яніца, якога празвалі святым. І не ён адзін. Адышлі тае ночы ў нябыт многія. У час начнога роздуму, кахання гарачага, спакойнага сну пасля працы. І здзіўляўся люд, бо памерлі людзі чыстыя душой, абранцы шчасця ды лёсу. Пра такіх звычайна кажуць: "Добры чалавек доўга не жыве. Бог да сябе лепшых бярэ".

У тую ноч Бог не толькі забіраў лепшых, каб пазбавіць іх ад пакутаў, бо жыццё пачыналася ў тых краях нярадаснае, але і громам ды бліскавіцамі хацеў прыпыніць народзіны Смерці, напужаць дзіцё Кашчавай, каб яно на свет божы не з'явілася, але Смерць у той момант бы з глузду з'ехала. Зусім забылася, што ёй наканавана волю Бога на зямлі выконваць, а не ўласнае жыццё ладзіць. Толькі адно яе магло б спыніць: каб Бог загадаў Смерці ўсё жывое на зямлі знішчыць. Бог не стаў гэтага рабіць, вырашыў паглядзець, што з усяго гэтага выйдзе.

А тое тупое і тлустае, якое пасля першага ўдару апусцілася на дно, разагналася і зноў бабхнула ў лёд, пратараніла яго. Ледзяное шкло не вытрымала, пайшло павуціннем-шчылінамі. Праз шырокую прагаліну істота пачварная прадралася, выскачыла на лёд з шумам : Ш-ш-у-р-р-ш-ш! Ды з дзікім рогатам, явіўшы Смерці-маці пакрытае мохам і сліззю цела. У людзей немаўлятка нараджаецца з плачам, бо на радасць ўсё астатняе жыццё. У пачвар усё наадварот. Уздыхнула з палёгкай маці-Смерць і да сыночка-ідалочка кінулася. А той, удыхнуўшы зімовага чалавечага паветра, абмяк і зноў ператварыўся ў таўшчэзны слуп ды бразнуўся на лёд пад ногі маці, застыў нерухома, як нябожчык. І цвіллю ад яго пацягнула ды балотам смуродным. Вось табе й сынок!

Кашчавая схілілася над дзіцём-iдалам і дала яму iмя ШурШЫК. Спадабаўся Смерці ШурШЫК, і яна пацалавала яго, ляснуўшы зубамі аб каменныя вусны. Гэта было так незвычайна, што каменны ідал ад здзіўлення раззявіў рот ды з той пары яго не закрываў. Смерць, узрадаваная, што ідалочак-сыночак ажыў, падзяквала Богу і замармытала словы, якія калісьці сказаў Бог:

"І дам вам сердце новое и дух новый дам вам; и возьму из плоти вашей сердце каменное, и дам вам сердце плотяное. Вложу внутрь вас дух Мой и сделаю то, что вы будете ходить в заповедях Моих и уставы Мои будете соблюдать и выполнять"

Смерць лічыла, што робіць богаспадобную справу. Яна ўдыхнула ў ШурШЫКА смертаноснае жыццё. Пасля гэтага раскроіла яму каменны чэрап і запісала на кварцавае зерне яго мазгоў рэшткі памяці ад першабытных шаманаў ды розных тыранаў. Потым яшчэ крыху пакорпалася ў ягонай галаве, нешта ў ёй выразала. Калі Смерць падрыхтавала цела ідала да жыцця, тады правяла з ім сеанс гіпнозу, заклаўшы яму ў душу і сэрца сваё ўяўленне пра жыццё. Мянушку яму дала - Пацыент.

Пасля гэтага Смерць памянціла аб ягоную галаву касу, адным замахам нарэзаўшы каменных валасоў. Ад шморгання касы з каменю сыпанулі іскры, і Пацыент затросся ад страху, бы ў эпілептычным прыпадку. Смерць кашчавай пяцярнёй супакоіла, пагладзіла яго па раскроеным чэрапе, перакiнула каменныя валасы цераз лысiну, закрыўшы дзірку на галаве з грукатам, быццам каналізацыйным люкам, i прашкрэбла жалезнай касой дэкаратыўнае прадзела над вухам. Замілавана гледзячы на свайго смертаноснага сынка, цмокнула яго ў зачос, даўшы яму назву ""Локон страсти"", і натхнёна сказала: "И это хорошо!"

...А нашчадак Міколы-п'яніцы, якога людзі празвалі святым, праз стагоддзі , прачнуўшыся ў ноч святога смяротнага свята -- ідалаву ноч, адчуў продкавы боль ад навальнічнага ўдару, але не да абразоў кінуўся, а памятаючы бабульчын запавет, сутаргава схапіў нацельны крыж, бацькаву рэліквію, ад яго бацькі пазасталую, і ўпэўнена ішоў да віроў серабранскіх, дзе, як людзі казалі, ізноў нешта чорнае пад лёдам заварушылася. І паклаў крыж бацькаў, як бабуля наканавала, на лёд над вірамі, запячатаў воляй чалавечай і спадчынай Хрыстовай выйсце ідалам смертаносным, і паклікаў сяброў сваіх, і тыя ў другую ноч таксама прынеслі крыжы сваіх бацькоў, знянацку памерлых у ідалаву ноч, і запячаталі іх у лёд над вірамі.

А дзеці тых, чые бацькі ў тую ноч засталіся жывыя, каб самім не памерці, ды дзяцей сваіх ад ідалавых уваскрэшанняў -- Смяротных народзінаў абараніць, раскладвалі крыжы з сухастою на лёдзе над вірамі і палілі крыжы тыя ўсю ноч, каб вогненны знак Божы нагадаў Смерці, што яна служка Божая, ды ідала настрашыў караю боскай.

Але Смерці пакуль хапала радасці ад сынка набытага, ідала шклоўскага. Шчасце валодала Смерцю ды не поўнае. Не хапала ёй да паўнаты кахання Гервасія.
СТРЭЛ ШКЛОЎСКАГА ІДАЛА

Смерць укiнула шклоўскага ідала-Пацыента, ў "Невиданное миру государство", дзе насельніцтва складалі тыя, з каго Смерць высмактала нармальныя чалавечыя пачуцці -- ідалапаклоннікі.

Ажыўлены шклоўскі iдал са здольнасцямi шамана i тырана папрацаваў, папакасціў там-сям на пасадах балбатуноў, назапасіў досведу сучаснага ачмурэння. Потым ён ускочыў у тэлескрыню i закукарэкаў на ўсю дзяржаву так, што нават ценi ў палiтычным катуху ператварылiся ў жудасных, ненавiсных ворагаў.

I дзёўб iх задзірысты шклоўскi певень, седзячы ў тэлескрыні, i ў хвост, i ў грыву, i "в бровь", i "в глаз", i не раз. Iдал ачмурыў мiльёны ідалапаклоннікаў.

У тагачаснай краіне большасць людзей жылі як пацыенты. Верылі ў "летающие тарелки", "сапоги-скороходы", "скатерть-самобранку", "заряженную через телевизор чумную лечебную воду" і , галоўнае, у "Иванушку-дурачка", які можа самым разумным стаць ды краінай кіраваць: з тэлевізара "дожди" раздаваць, ураджаі збіраць, чыноўнікам "лопаты" выдаваць... Такім чынам, не хапала людзям-пацыентам толькі аднаго -- Галоўнага Пацыента краіны. Так не хапала, што аж пачалі ад хваробы вылечвацца, а ім гэта, як наркаманам ломка - пакуты і боль душы. Вось тут тутэйшым пацыентам замежныя лекары і прызначылі... выбары. Нармальныя людзі думалі, што выберуць сабе Галоўнага Лекара, здароўем паправяцца і працаваць пачнуць. Куды там...

На лясной дарозе пад Лёзнам Смерць уклала шклоўскаму ідалу ў руку рэвальвер, навяла на "Мерсэдэс" i нацiснула на курок. Куля прабіла дзверцу машыны і ўвайшла ў зямлю на мяжы дзьвюх дзяржаў. Куля з-пад Лёзна праляцела праз галовы мільёнаў людзей. Прабіла дзірку ў гісторыі - тунэль паміж Беларуссю і "Невиданным миру государством".

Стрэл у лесе пад Лёзнам аказаўся для пацыентаў, нібы тая маланка першабытным людзям, ці пуга скаціне. Не жыццё пачалося, а кіно. Пацыенты -- як усё роўна павар'яцелі. На выбарчыя ўчасткі беглі, быццам, калі ўкінуць бюлетэнь у урну, як на рыбу кручок, дык абавязкова дастануць залатую рыбку, і яна выканае не тры, а ўсе трыццаць тры жаданні. На некаторых выбарчых участках яшчэ да сонца дзверы высаджвалі, хоць выбары мусілі пачацца з сонцам. Крычалі, што ім ворагі не даюць абраць сабе выратавальніка - цудаў стваральніка. Абралі. Але не лекара, а самага хворага на галаву Пацыента - шклоўскага ідала, рэзідэнта Смерці.

Пасля стрэлу Пацыент праз дзiрку ў дзверцы "Мерсэдэса" і тунэль у гісторыі, які злучыў дзве дзяржавы, куляй узляцеў на "престол с царскими полномочиями". А КУЛЮ з маркiроўкай ЛЁЗНА Смерць да пары да часу пакінула пад краінай на мяжы дзяржаў.

І пачаў Галоўны Пацыент выконваць загад Кашчавай -- з тых людзей, якіх Смерць не паспела апрацаваць, давай рабiць дурняў: адабраў у iх мову, каб пра незалежнасць не балабонілі, знiшчыў Канстытуцыю ды развёў палітычную прастытуцыю, а людзей сяліць у падчарнобыльскiя зоны. Пацыент загадаў там араць, жыта сеяць, скаціну гадаваць. А хлебам тым ды малаком загадаў карміць-паiць дзетак, каб у дзяржаве зніклі нармальныя людзі і засталіся адны пацыенты ды кандыдаты ў прэзідэнты - гэта значыць, тыя, хто кахае толькі адну жанчыну - уладу.

ЛУКАПШЫК

Шмат часу ў Беларусі кіравала дынастыя лукавых. Калі чарговы прэзідэнт дажываў свой век, ён праводзіў развітальны рэферэндур, на якім 99,9% насельніцтва рэферэндзіла, што да зарэзу хоча бачыць новым кіраўніком краіны нашчадка з роду лукавых. Была нават агітацыя. Асноўным аргументам за выбары нашчадка было, што лукавыя так доўга кіруюць, што набылі нават Прэзідэнцкі Ген! А па-другое, у народзе казалі, што лукавыя столькі кралі, што больш няма чаго красці, а што накралі - няма куды класці.

Вось так пасля чарговага рэферэндура прэзідэнтам стаў ЛукаПШЫК. Кожны з роду лукавых меў у народзе сваю мянушку, у залежнасці ад таго, як паводзіў сябе і што гаварыў. Бо ўся іхняя ўлада трымалася на словах ды на жэстах. Быў сярод лукавых ЛукаФЫРК, быў ЛукаМІРГ і нават ЛукаСЦЫК і ЛукаБЗДЫК. ЛукаПШЫКАМ прэзідэнта празвалі таму, што ён умеў толькі пшыкаць, а ўжо тэлевізар узмацняў яго голас. І калі ён пшыкаў, тэлевізар трансляваў, быццам прэзідэнт рыкае.

Кожны прэзідэнт з роду лукавых меў свае перамогі і выйграныя бітвы. Так прэзідэнцкі першапродак з лукавых славіўся тым, што перамог у бітве за ўраджай. Перамога была настолькі пераканаўчая, што разбіты ўшчэнт ураджай больш ніколі не рос, і людзі харчаваліся з гуманітарнай дапамогі.

Гэты продак славіўся таксама перамогай у бітвах з дэпутатамі. Гэта былі гістарычна вядомыя бітвы. Пад час першай лукавы набіў дэпутатам морду і заткнуў ім зяпу. Пад час другой -- даў дэпутатам па мазгах, потым па кішэні і ўрэшце па яйцах.

З таго часу ў дэпутаты ніхто не лез. І калі прадстаўнікі палітычнай Еўропы звярталі прэзідэнтаву ўвагу на адсутнасць парламента і пагражалі спыніць пастаўкі гуманітанай дапамогі, ЛукаПШЫК пасылаў АМАП і той прыводзіў і садзіў у парламент першых стрэчных прастытутак ды алкашоў.

ЛукаПШЫКУ таксама патрэбны былі гістарычныя перамогі, і ён пакутліва шукаў ворагаў, але ўсе ворагі даўно былі выкрытыя і вынішчаныя. Нават хмары баяліся неба краіны, бо продак ЛукаПШЫКА быў такі шчодры, што раздаваў дажджы. І калі ўсе дажджы скончыліся, ён пасылаў за межы краіны самалёты і тыя лавілі хмары і буксіравалі іх у Беларусь. І тады лукавы шчодрай рукой зноў раздаваў.

Дыспуты і спрэчкі на палітычныя тэмы былі дазволены толькі па зацверджаных зверху тэмах. Дазвалялася спрачацца пра тое, хто ёсць сапраўдны сын Бога: продак ЛукаПШЫКА ці Хрыстос. Можна было таксама спрачацца пра тое, хто свеціць ярчэй: сонца ці прэзідэнт. Указ пра дыспуты прадпісваў, што дыспутанты напрыканцы спрэчкі мусяць пагадзіцца з тым, што продак ЛукаПШЫКА вышэйшы за Хрыста, бо ён старэйшы сын Бога, а Хрыстос малодшы. А раней людзі не ведалі, што ў Бога быў старэйшы за Хрыста сын і таму так дрэнна жылі. А калі даведаліся ды пачалі выконваць ягоныя запаветы, жыццё пачалося як у раі.

Пра сонца ўвогуле высновы рабіліся простыя і, адпаведна, геніяльныя: Сонца свеціць толькі тады, калі няма хмар і няма ночы, а прэзідэнт свеціць пры любым надвор'і, да таго ж нават уначы. У кожным пакоі краіны мусіў вісець партрэт прэзідэнта з німбам над галавой, у які грамадзяне меліся падкладваць светлякоў, і тады німб свяціўся!

Біёлагі-батанікі даўно вывелі дрэвы, лісце якіх было з выяваю твараў лукавых. Твары былі з жылак лісця. Пароды дрэў так і называліся: лукавы першы, лукавы другі... Калі пачыналася восень, дык паліцыя і армія пад кіраўніцтвам службы бяспекі прэзідэнта выстаўлялі каля кожнага дрэва пасты ў белых пальчатках, і вартавыя мусілі лавіць лісце, каб лукавыя не брудзіліся. Тыя што не паспявалі спаймаць выяву прэзідэнта, караліся нарадамі. Каб усё ж такі лісцікі, якія даляталі да зямлі, не пляскаліся тварам прэзідэнтаў аб глебу - пад кожным дрэвам слалі саломку.

Паліцыя строга сачыла за тымі, хто паліць. Тыя былі абавязаныя выдыхаць дым з выяваю прэзідэнта. Парушальнікаў штрафавалі.

Прэзідэнт адказваў за маральнае аблічча кожнага грамадзяніна краіны. Калі муж ад'язджаў у камандзіроўку, прэзідэнт выдаваў жонцы пояс вернасці і самаруч замыкаў яго на ключык. Падпольная апазіцыя, праўда, сеяла чуткі, што каманда прэзідэнта хварэе на сексуальную карупцыю і што ключык прэзідэнт дае сваім набліжаным падначаленцам, але контрпрапаганда хутка давяла ўсім, што самі жонкі прыходзяць да прэзідэнта з сексуальнымі дамаганнямі, і ён мужна баронніцца сам і бароніць мараль у дзяржаве. Прэзідэнт нават быў вымушаны выдаць спецыяльны Указ, у якім загадвалася няверных жонак перадаваць на перавыхаванне ў кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Рэферэндуры праводзіліся тры разы ў дзень перад выдачай пайкі. Яшчэ на 13-м волевыяўленні народ аднадушна вырашыў, што ўсе нармальные грамадзяне мусяць галасаваць "ЗА", тых, хто устрымаўся, трэбы лічыць хворымі, а тых, хто галасаваў "СУПРАЦЬ" -- ворагамі. Лічба 99,9% лічылася ў дзяржаве святой. Пасля кожнага рэферэндура 0,1% хворых ды ворагаў забіралі і лячылі.

Адкуль ведалі, хто як галасаваў? Кожны пасля таго, як запаўняў бюлетэнь мусіў заверыць вынікі свайго волевыяўлення спачатку ў домакіраўніцтве, дзе правяралася квартплата, потым у прэзідэнцкім кантролі за крывізною звілін.

Спецыяльныя сканеры правяралі ў грамадзян мазгі. Кожны мусіў мець столькі вертыкальных звілін, колькі было над ім начальнікаў. Астатнія звіліны павінны былі быць гарызантальнымі. Калі вертыкальных звілін было больш чым прадпісана, тады іх вышчыквалі, ці затыкалі. Калі ж з'яўляліся звілістыя звіліны - іх выпроствалі.

Калі пасля рэферэндура раптам атрымлівалася лічба меншя за 99,9%, дык пайку затрымлівалі, праводзілі паўторны рэферендур, і тады лічбы даходзілі да 120-130%. І нічога дзіўнага ў гэтым не было. Усё ў тым, што кожны, хто пасля галасавання, адчуў сумнеў, ці так ён прагаласаваў, мог прагаласаваць другі раз, і трэці... Бо пачуццё "уверенности в завтрашнем дне" было адным з галоўных пачуццяў, пасля ВЕРЫ, ЛЮБОВІ, НАДЗЕІ на прэзідэнта. Толькі гэтыя пачуцці было дазволена мець насельніцтву па Волі прэзідэнцкага першапродка ЛукаПШЫКА.

У ЛукаПШЫКА амаль не было праблем у жыцці акрамя двух. Яму не давалі спакою знешнія ворагі, у руках у якіх быў ДУРАПРАВОД і кранік ад яго. Не давала яму спакою і ўнутраная апазіцыя, якая складвалася з дзвюх груп адны называліся "ДУРААДВОД ЗА НАРОД", другія "АНТЫПРЫДУРКАМІ".

Краіна ЛукаПШЫКА на самой справе была акраінай Вялікай краіны -- дзяржавы Вялікай Дурасці. Яе называлі яшчэ ускраінай "Младших братьев больших дураков" З яе на ускраіну была пракладзена труба - ДУРАПРАВОД. Па ім падаваўся абдуральны газ. Галоўная труба паддурвала кожны пакой краіны-ўскраіны. Газ падаваўся бесперапынна, і ніхто не мог прыпыніць падачу газу ў кватэру. Ні той, хто жыў у кватэры, ні сам ЛукаПШЫК. Бо кранік быў у цэнтры краіны Вялікай Дурасці. Як толькі нехта спрабаваў у пакоі заткнуць дзірку адурызатара, адразу спрацоўвала сігналізацыя, выязджалі дурыкі ды забіралі разумніка ў дурдом. Там яго клалі ў дурыанімацыю, на твар клалі маску, уключалі абдуральны газ, якім хворы мусіў дыхаць да поўнага адурэння-вылечвання.

ЛукаПШЫК часта хварэў ад таго, што ён не валодае кранікам, бо лічыў, што ў яго краіне зашмат разумнікаў. Ён увогуле хварэў толькі тады, калі адчуваў, што чагосьці не мае. ЛукаПШЫК раз-пораз вёў хітраперамовы з кіраўнікамі краіны Вялікай Дурасці, каб кранік перадалі яму. Тыя баяліся, што "слишком умный" і непрадказальны ЛукаПШЫК ці то увогуле перакрые народу не толькі абдуральны газ, але нават і кісларод, ці дасць гэтага газу зашмат. І тады на ускраіне ўсе паразумнеюць і ўскраіна краіны Вялікай Дурасці зменіць свой вектар і стане ўскраінай краін Вялікай Разумнасці ці, адпаведна, наадварот пасля перабору абдуральнага газу ўсе звар'яцеюць. Карацей, кранік ЛукаПШЫКУ не давяралі.

З-за гэтага ён злаваўся і пачынаў лаяцца на гаспадароў ДУРАПРАВОДУ ды абражаць іх. Тыя, у сваю чаргу, злаваліся і крышачку перакрывалі кранік. Калі дурасці ў кватэрах памяншалася, у галаве ў людзей "прямые извіліны" мазахізму-страху, пачыналі згінацца і людзі набывалі адчуванне свабоды і дэмакратыі. Людзі разумнелі. Служба бяспекі прэзідэнта не паспявала забіраць і вылечваць хворых на розум людзей. Апазіцыя здабывала ўплыў на народ, і ўсё ішло да таго, каб ЛукаПШЫКА зваліць з седала. Нацыя ўпадала ў дэстабілізацыю. Тады ЛукаПШЫКА браў страх. Ён не проста баяўся за сваю ўладу. Баяўся прэзідэнцкага продка. ЛукаПШЫК з жахам уяўляў, што, калі яго "вумнікі" скінуць, на тым свете яго продак жыткі не дасць...

Карацей, калі цярплівасць людзей, што паразумнелі, была на зыходзе, ЛукаПШЫК на каленях поўз у сталіцу краіны Вялікай Дурасці, чым даваў вялікую асалоду яе кіраўнікам. Там на фінішы ў Крамлі каля царскага прастола яму давалі выпіць фужэр гарэлкі і нават дазвалялі яго разбіць. Потым выпускалі на тэлеэкран, дзе ён даказваў народу краіны Вялікай Дурасці сваю адданасць справе аб'яднання дурняў усяго свету, пасля чаго кранік адкручвалі, і народ ускраіны дурэў ізноў, а аппазіцыя шылася ў падполле. Вось чаму ЛукаПШЫК хацеў авалодаць ДУРАПРАВОДАМ і кранікам да яго, інакш яму кранты. Ён усё часцей прыходзіў да думкі, што трэба захапіць уладу ў краіне Вялікай Дурасці. Гэта яму падказвалі і дарадцы і прыводзілі толькі адзін аргумент:

" Вы самый достойный этого поста. Вы умнее их всех, и народ страны Великой Дурости несомненно вас поддержит, потому что видит в вас самого большого дурака! Ведь им нужен герой - Дурак, который только и умеет, что чудеса творить - мозги дурить!"

Апазіцыя, са свайго боку, не давала спакою прэзідэнту сваімі дыверсіямі па адводу ад незалежнай краіны, якой яны лічылі Беларусь, дурасці. Іх баевікі свірдравалі дзіркі ў дурапроводзе. Узрывалі яго.

Але ж бяда не ходзіць адна.

Сумны ЛукаПШЫК чытаў дакладную сакратара саветаў бяспекі:

"Усилились происки ВРАГОВ Президента, которые создают в каждом населенном пункте символическую "Сцяну ганьбы", на которой:

1. подрывают ВЕРУ в президента надписями типа:

ШУРИК -- ЛГУНИШКА;

2. унижают Честь и Достоинство надписями на стенах и заборах:

ШУРИК -- ШКЛОВСКИЙ ПЕВЕНЬ, ШУРИК -- КОЗЁЛ;

3. грязно клевещут надписями:

ОПЯТЬ ШУРИК НАГАДИЛ; ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!;

4. сеют пессимизм, настенными вздохами:

ЭХ, ШУРИК-ШУРИК...;

5. прямо оскорбляют президента на митингах и шествиях, выкрикивая лозунги:

ЛУКУ НА МУКУ!

6. дезориентируют народ и Президента самодельными придорожными указателями и выкриками-подсказками:

БЕЛАРУСЬ В ЕВРОПУ -- ПРЕЗИДЕНТА В ЖОПУ!

FUCK YOU!;

7. ограничивают демократические свободы Президента и призывают к репрессиям лозунгами:

БЕЛАРУСЬ У НАТА -- ПРЭЗІДЕНТ, ЗА КРАТЫ!

8. вводят в заблуждение хороших и чэсных людей ложными указаниями-призывами:

ЕСЛИ ТЫ ЗА ЛУКАШЕНКУ, БЕЙСЯ ЛБОМ ОБ ЭТУ СТЕНКУ!

Предлагаю выставить возле каждой стены часового, как мы выставили часовых возле каждой трубы, и никаких проблем!"

ЛукаПШЫК спахмурнеў яшчэ больш. Але ён, як і ўсе лукавыя, меў незвычаныя мазгі. Нейкая думка захапіла яго, і ён радасна зароў:

-- Эх вы, умники! До таких простых по-дурацки гениальных идей не можете додуматься! Делать будем так... Указ №...

На наступны дзень калі людзі ехалі на працу усе сцены горада былі распісаны заклікамі "Если ты за Лукашенку бейся лбом об эту стенку!". Каля кожнай сцяны з надпісам стаялі на каленях людзі: стары ды малады, жанчына ды дзяўчына біліся галавой аб сцяну. Праз гадзіну ці дзве ім на змену прыходзілі новыя людзі і пачыналі таксама біцца галавой аб сцяну. Ніхто не ведаў, што гэта былі "патриоты президента" з "прямого действия", з "коммунистической партии президента" і іншых "государственно-общественных организаций". Ніхто не ведаў, што ЛукаПШЫК сваім указам загадаў выбраць для біцця галавой аб сцяну самых цвердалобых і распарадзіўся выдаваць ім малако дзеля яшчэ большага ўмацоўвання касцей.

На раніцу насельніцтва, калі ехала на працу, было здзіўлена не менш. Пад кожным надпісам-заклікам, дзе ўчора біліся ў істэрыцы дурыкі, у сценах ззяў пралом! У грамадскім транспарце нейкія людзі амаль аднолькавымі галасамі ўсклікалі:

-- Як жа моцна любяць нашага прэзідэнта! Значит, он самый лучший президент на земле! У него столько врагов! Надо его поддерживать. Ён стараецца! Для такого президента ничего не жалко. Даже лоб расшибить.

Некаторыя пасажыры спрабавалі жартаваць:

-- Заставь дурака Богу молиться, он и лоб расшибёт!, -- на што агітатары тут жа адказвалі:

-- Правильно! Наш президент -- Бог на земле!

І ніхто не ведаў, што ЛукаПШЫК загадаў АМАПУ па начах доўбнямі і ламамі прабіваць дзіркі пад надпісамі. З таго часу ўсе гарады перайшлі на двухдзённы рытм жыцця. Адзін дзень па ўсім горадзе біліся аб сцяну тыя, хто за Лукашэнку, уначы сцены ламалі, на другі дзень праломы замуроўвалі. Патрыёты прэзідэнта ішлі на свой пост з песняй "И вновь начинается бой, и сердце грохочет в груди, лука-а на-аш такой молодой, и новый июль впереди!".

Калі ЛукаПШЫКУ данеслі, якім поспехам у народзе карыстаецца насценная бітва і яго перамогі ў ёй, ён ледзь не ашалеў ад шчасця. Ён выканаў абавязак кожнага члена роду лукавых - выйграў сваю гістарычную бітву! Бітву насценную!

Але нешта ўсё роўна не давала яму спакою. Узбуджаны ЛукаПШЫК круціўся па пакоі і напяваў: "Бейся лбом! Бейся лбом! Бейся лбом об эту стенку!" Раптам ён зразумеў, што не давала яму спакою. ЛукаПШЫК кінуўся да сцяны і пачаў бiцца аб яе галавой. Удар! Яшчэ удар! І, самлеўшы, упаў на падлогу. А перад вачыма зіхацела сцяна са шкла. На ёй было напісана:

СЦЯНА ДЭМАКРАТЫІ
ОБСЕ -- ЕЎРАСАЮЗ -- ЕЎРАПАРЛАМЕНТ
САВЕТ ЕЎРОПЫ -- ВЯРХОЎНЫ САВЕТ--13

Потым "сцяна дэмакратыі" знікла, а ў ягоных вачах, як у дзіцячым калейдаскопе, паплылі кругі, у якіх лёталі зорачкi i цаглiны. З iх у мазгах ЛукаПШЫКА пачала складвацца крамлёўская сцяна. Ён падскочыў з падлогі і зноў пачаў біцца галавой аб сцяну свайго кабiнета. Прэзідэнт уяўляў, што сцяна крамлёўская! ЛукаПШЫК закрычаў:

-- Бейся лбом, бейся лбом, бейся лбом об эту стенку!

Выход есть! Моя Москва! Москва -- за ЛукаПШЫКА!

Рыфма не ўдалася, але чорт з ёю, з рыфмаю. Прэзідэнт пачаў крычаць слова ў слова тое iнтэрв'ю, якое калісьці даў яго продак па радыёстанцыii "Эхо Масквы" 23 мая 1997 года. Ён крычаў і пасля кожнай фразы стукаўся ілбом аб сцяну, быццам ставіў кропкі і клічнікі:

-- Это моя Москва! Это моя столица! Это мой любимый город!

Первая моя встреча с президентом России произошла два с половиной года тому назад. Я ему сразу сказал, он так меня внимательно, пристально рассматривал молодого президента, я говорю: вы меня не рассматривайте так пристально! Я приехал в свою столицу! В свою Москву! Здесь у меня многое связано с Москвой, поэтому не надо на меня смотреть, как на иностранца! Ельцин засмеялся и говорит: "Я согласен". Поэтому это моя Москва, это моя столица!

ЛукаПШЫК працягваў біцца аб сцяну кабінета галавой. Удар! Яшчэ удар! Пасля самлеў і пачаў трызніць.

Яму бачылася, як з Маўзалея на Красной плошчы вылецела пласцікавая празрыстая труна з ідалам. Ленін у сваёй труне ляцеў уздоўж крамлёўскай сцяны, а з яе выляталі, як коркі з бутэлек, урны с прахам савецкіх ідалаў. Яны пачалі кружыць над Краснай плошчай. За пласцікавай труной, як за "главным ведущим" самалётам ляцелі урны с прахам. З урнаў высоўваліся рукі, якія імітавалі крылы. Раптам Ленін прыўзняўся ў труне, працягнуў рукі да ЛукаПШЫКА і прамовіў:

"Что же вы медлите, батенька! Мы заждались вас! Помните, вчера было рано - завтра будет позно! Выбирай! А то проиграешь!" Рукі з урнаў з прахам пачалі вабіць ЛукаПШЫКА да сябе, і галасы ідалаў хорам заспявалі:

"Мы выбрали и выиграли! Мы выиграли и выбрали! Вам к Нам! Нам к Вам!"

Прэзідэнт адчуў нечалавечую цягу да труны з суперідалам, да урнаў з прахам.

Нейкая патойбочная сіла падняла ЛукаПШЫКА з падлогі, а потым увогуле адарвала ад яе, і прэзідэнт пачаў лунаць пад столлю свайго кабінета, як анёл над светам! Хуткасць палёту расла, і раптам ён спікіраваў у сваё крэсла, перакуліўся ў паветры праз галаву, чмякнуўся тоўстым задам у крэсла і, не прыходзячы да памяці, з заплюшчанымі вачыма пачаў дыктаваць па селектары на ўсю краіну чарговы ўказ:

"Создать спецотряд для проведения в Москве диверсионных акций "МОСКВА НАША!"

Основные задачи:

1. Каждую ночь на кремлевской стене производить надписи несмывающейся краской:

ЛукаПШЫК НЕ ПАЦИЕНТ -- ВСЕЙ РОССИИ ПРЕЗИДЕНТ !

2. На кремлевских елях подвешивать ляльку -- ЛукаПШЫК".

3. В гроб Ленина регулярно подкладываць ляльку "президент".

4. На стенах домов и заборах при выезде из Москвы регулярно писать:

"ДУРАПРОВОДУ нужен настоящий ХОЗЯИН!"

Каб заваяваць сталіцу краіны Вялікай Дурасці, ЛукаПШЫКУ трэба было зрабіць некалькі дурацкіх учынкаў, і кранік з трубой быў бы пад рукой. Прэзідэнт гэта добра адчуваў. Думка пра чарговую бітву і мажлівай перамозе прыводзіла яго ў стан драпежніка, які чуе кроў. Праўда, у адрозненне ад драпежніка ён нутром адчуваў і Вялікую Дурасць!

Упэўненасці ў перамозе за ДУРАПРАВОД і кранік да яго дадавала геніяльна выіграная бітва за сцены. Яго цвердалобыя прыхільнікі разгарнулі такое лукашызоіднае спаборніцтва па напісанні на сценах лозунгаў "Если ты за Лукашэнку...", пастукванні пад імі лбамі ды прабіванні пад надпісамі дзірак, што неўзабаве ўсе гарады краіны ляжалі ў руінах. Людзі перасяляліся ў зямлянкі. Адпаведна перад ЛукаПШЫКАМ узнікла праблема хуткага абсталявання зямлянак для нармальнага жыцця насельніцтва. На чарговым рэферэндуры насельніцтва, як заўжды, аднадушна прарэферэндзіла за першачарговае накіраванне бюджэтных сродкаў на абсталяванне зямлянак адурызатарамі. У краіне Малой Дурасці разгортавалася чарговая бітва за "Одуризацию всей страны". Некаторыя мясцовыя вертыкальныя дурыкі пачалі ўстаноўліваць адурызатары нават у лесе і ў полі. А некаторыя - на фермах і на таку.

ЛукаПШЫК правёў чарговую бітву з перагібамі ад вертыкалі. Бо ў лесе зусім здурнелае насельніцтва магло назбіраць паганак ды атруціцца, а на фермах здурнелыя даяркі маглі ўявіць, што яны каровы, ды падключыць да грудзей адна адной апараты механічнага даення... Мужыкі абавязкова палічылі б сябе за быкоў асямяняльнікаў... Бо ім і так па радыё і тэлебачанні ўвесь час убівалі ў мазгі, што галоўнае -- бітва за ўраджай, надоі, прывесы ды прыплод, што ў гэтым сэнс іхняга жыцця. Нават песні ім спявалі "...ну а девушки, а девушки потом!"

Чарговая бітва, якую паспяхова правёў ЛукаПШЫК, была бітваю за "выпрямление перегибов" Спачатку была разгорнута кампанія пошукаў "врагов народа", якія разбілі ўсе сцены і ўсе гарады. Потым прайшлі ўсенародныя сходы "сціплы прэзідэнт", на якіх ворагаў народу асуджалі за амаральную падрыўную дзейнасць метадамі раздзмування культу асобы. Потым ворагаў каралі біццём па галаве цытатнікамі ЛукаПШЫКА, што азначала: дурнота выбіваецца, а розум убіваецца. Пра тых, хто паміраў, казалі, што іх галовы такія дурныя, аж не могуць успрымаць разумных думак, і ім прасцей галавой налажыць, чым у галаву ўлажыць. Шмат дурных цвердалобінаў забілі тады мудрымі выказваннямі ЛукаПШЫКА. Пасля перамогі Прэзідэнт абвясціў, што перамог адразу на некалькіх франтах:

1. У бітве за "выпрямление перегибов".

2. У бітве за кватэрнае пытанне (чым больш забілі, тым меньш трэба землянак).

3. У бітве з дурасцю і цвердалобасцю.

4. У бітве з культам асобы.

Увесь свет быў уражаны бітвамі і перамогамі ЛукаПШЫКА. Карацей, бітва за сталіцу краіны Вялікай Дурасці была маральна і духоўна выйграна. І прэзідэнт пачаў сур'ёзна трызніць аб "Невиданном миру государстве".

І як заўжды нешта не давала спакою. Гэта былі хваляванні ад дзеянняў антыдурацкай апазіцыі ды дураадводаў. Усё сведчыла пра тое, што за гербавыя унітазы ды каналізацыйныя трубы, па якіх апазіцыя адводзіла дурасць, прыйдзецца таксама змагацца. Змагацца каб захапіць іх ды заткнуць, каб ніводзін фунт дурасці не прапаў марна, каб "дурадзерьмом" забяспечыць кожнага чэснага насельніка. У галаве ў ЛукаПШЫКА выспявалі планы чарговай бітвы. Ён адчуў смак і сэнс жыцця. Бэз гэтага сэнсу, які быў у бітвах з ворагамі, ЛукаПШЫК захварэў бы ды памёр.
ПАЛЁТ У МАЗГАХ ШЫЗОІДАЎ

Перад пачаткам гульні ў "Русскую рулетку" не ведаў Гервасій Выліваха, якія звышскладаныя перашкоды падрыхтавала яму Смерць, каб не змог ён ідала перамагчы. Гэта не шахматы, дзе фігуры лёгка перастаўляць. Бо і важыў ідал столькі, што з месца яго голымі рукамі не скранеш. І ідальчыкаў-ахоўнікаў вакол сябе панастаўляў, што каменны плот змураваў.

А галоўнае, Смерць такую паставіла пастку на беларуса, такі лабірынт згарадзіла, якога яшчэ нікому не рабіла. Кашчавая ўтварыла беларусам дадатковую нябачную краіну, якую змясціла пад Беларуссю. Яе яна і называла "Невиданное миру государство". Звонку дзве краіны адрозніць было немагчыма. А з сярэдзіны яны розніліся істотна. "Невиданном миру государстве" існавалі выключна бяздушныя істоты і ідалапаклоннікі, не здольныя на каханне і любоў. У будучай жа Беларусі большасць складалі нармалёвыя людзі. Але ж Прэзідэнт будучай Беларусі ЛукаПШЫК увесь час вадзіў іх вакол пальца, якім торкаў то ў неба, то ў бок суседняй дзяржавы, то "ниже колена" і трындзіў аб "Невиданном миру государстве" пад ім. У людзей ад такой шматвектарнаторканай палітыкі круцілася ў галаве, і яны слухаліся пшыкатага.

Лідэрам "Невиданного миру государства" Смерць зрабіла свайго сынка шклоўскага ідала -- Пацыента.

Прэзідэнтам будучай Беларусі Смерць паставила ЛукаПШЫКА таму, што калі падбірала прэзідэнта, дык ёй спадабаўся дэпутат, які біў морды сваім падначаленым і на ўсіх сіпеў, рыкаў ды пшыкаў.

Паміж шклоўскім ідалам і ЛукаПШЫКАМ Смерць наладзіла канкурэнцыю. Яны кожны на свой манер даказвалі Кашчавай адданасць смяротнай справе. Кожны імкнуўся прадэманстраваць сваё каханне да Смерці і любоў да абсалютнай улады. Але рабілі гэта так па-дурацку, што адны плакалі, а другія смяяліся.

Пра тое, каб кіраваць "Невиданным миру государством", Прэзідэнт ЛукаПШЫК марыў і калі-нікалі нават трызніў гэтым. Ён няраз заяўляў з трыбуны: "Беларусь для меня пройденный этап. Я этот кусок проглотил".

Для яго "земляка" -- шклоўскага ідала - пасля таго, як яго ўкінулі ў вір, Беларусь таксама стала "пройденным этапом", і ён марыў "порулить" будучай Беларуссю і "Мерсэдэсам".
СМЯРОТНАЯ ІНТЭГРАЦЫЯ

Сувязяў паміж будучай Беларуссю і "Невиданным миру государством" Смерць нарабіла шмат. Усё, што ўзнікала ў галаве ў ідала -- Пацыента, праз некаторы час з'яўлялася і ў мазгах у Прэзідэнта будучай Беларусі ЛукаПШЫКА і адразу злятала з ягонага языка.

Такім самым чынам Смерць звязала свядомасць насельніцтва абедзьвюх краін паміж сабою. Утварыла Кашчавая і сувязь падзей. Усё, што спачатку адбывалася ў краіне шклоўскага ідала, абавязкова мусіла потым адбыцца ў будучай Беларусі. Больш за тое, некаторыя падзеі з цягам часу пачыналіся на Беларусі, а потым ужо ў дзяржаве-двайніку. Пакрысе Смерць рабіла ІНТЭГРАЦЫЮ. І прэзідэнт усё больш ператвараўся ў ідала, ці ідал усё больш ператвараўся ў прэзідэнта -- бог іх там разбярэ...Бог ці Смерць.

Смерць так павязала абедзве дзяржавы, што існуючая пад Беларуссю нябачная краіна была галоўная. Ніхто і нішто не магло змяніць ход падзей у будучай Беларусі, пакуль не зменіш справы ў "Невиданном миру государстве".

І ніхто не мог паўплываць на прэзідэнта ЛукаПШЫКА, не паўплываўшы на жыццё шклоўскага ідала. Бо ідалава галава была вядучая і галоўная. Ніхто таксама не мог памяняць свядомасць грамадзян сапраўднай Беларусі, не змяніўшы мазгоў у іх двайнікоў-ідалапаклоннікаў.

А лёс будучай Беларусі Смерць прадвызначыла наступным чынам. Яна спачатку зрабіла даволі вялікі зазор у часе паміж падзеямі ў дзяржаве ідала -- Пацыента і ў краіне Прэзідэнта, паміж тым, што адбываецца ў галаве ў шклоўскага ідала і ягонага земляка, паміж пачуццямі і ўчынкамі ідалапаклоннікаў дзвюх краін. Але пры гэтым Смерць вызначыла часовы рэжым, па якім з кожным днём зазор у часе паміж падзеямі ў краінах, іх кіраўнікамі і насельнікамі памяншаўся. І набліжаўся той момант, калі Беларусь павінна была зліцца з краінай шклоўскага ідала. Усе людзі тады павінны будуць ператварыцца ў сваіх двайнікоў-ідалапаклоннікаў, ЛукаПШЫК - у ідала, а ідал у Прэзідэнта будучай Беларусі. І тады па задуме Смерці павінна была надысці сапраўдная смерць для Беларусі і яе грамадзян. Бо з такімі людзьмі-нелюдзьмі можна што хочаш рабіць: у рабства цягнуць, мякінай карміць, у багне гнаіць, вяроўкі з іх віць... А памяншала Смерць зазор у часе паміж дзяржавамі за кошт таго, што высмоктвала з беларусаў каханне ды любоў, дабрыню ды спачуванне, волю ды духоўную моц. У душах заставаўся толькі асадак: ідалапаклонства, зайздрасць, істэрыя, злоба, нянавісць. А любоў беларусаў да сваёй радзімы Кашчавая ператварала ў любоў да інтэграцыі, самазнішчэння.

Вось такую СМЯРОТНУЮ ІНТЭГРАЦЫЮ задумала Кашчавая для БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ.
ЛЁСАВЫЗНАЧАЛЬНІЦА

Лёсавызначальную КУЛЮ Смерць змясціла на мяжы дзвюх краін. Будучую Беларусь і "Невиданное миру госудаство" Кашчавая звязала стрэлам пад Лёзнам. З'яднала іх праз дзірку-тунэль, які прадзіравіла ў гісторыі КУЛЯ з маркіроўкай "Лёзна". КУЛЯ і стала тым сродкам рэгулявання руху і сувязі паміж дзвюма краінамі. І дзвярыма была КУЛЯ, і люкам. Толькі праз дзірку ад КУЛІ і можна было патрапіць з "Невиданного миру государства" ў будучую Беларусь і наадварот. Смерць заткнула КУЛЯЙ дзірку паміж абедзвюма дзяржавамі, але ж не да канца. Яна пакрысе адсоўвала КУЛЮ, усе больш і больш пашыраючы дзірку. І ўсё хутчэй і хутчэй засмоктвала "Невиданное миру государство" ў сябе будучую Беларусь, як засмоктвае патокі бруднай вады каналізацыйны калодзеж. Усё больш і больш дурнотных выпарэнняў трапляла ў старажытную краіну ды ў мазгі яе жыхароў, а ўсё станоўчае правальвалася.

З КУЛЯЙ трэба было нешта рабіць. Урэшце трэба было двух зайцоў забіць: шклоўскага ідала "прыгаварыць" і дзірку заткнуць. А зрабіць нешта сур'ёзнае з куляй магла толькі Смерць, бо толькі яна была сапраўдная гаспадыня КУЛІ. Таму менавіта яе трэба было перагуляць Выліваху, каб Смерць запусціла лёсавызначальную КУЛЮ так, як трэба было сапраўдным беларусам. У гэтым была адзіная магчымасць выйгрышу ў гульні ў "русскую рулетку", якую Смерць прапанавала беларусу Гервасію Выліваху.

А КУЛЯ тая магла забіць любога. Але, знішчыўшы шклоўскага Ідала, КУЛЯ выратавала б народ Беларусі. Каб разбурыць ідала, куля мусіла быць асобай, здольнай разнесці яго на кавалкі, інакш, колькі звычайных куль у ідала ні заганяй, ён не толькі будзе існаваць, але і ў моц убірацца. Забіўшы апошняга сапраўднага беларуса, КУЛЯ знішчыла б Беларусь і яе народ. Забіўшы прэзідэнта ЛукаПШЫКА, КУЛЯ яшчэ больш у свядомасці людзей Ідала умацавала б і смяротным справам яго паспрыяла.

Апошняе патрабуе тлумачэнняў. Усё ў тым, што Смерць, пачынаючы гульню з сапраўдным беларусам, разлічвала на таямніцу, сакрэт вечнага існавання Ідалаў. Смерць не магла нават падумаць, што Гервасій возьме сабе ў паплечнікі старога мудраца, якога Смерць лічыла, што забіла, -- для людзей у вар'ята ператварыла.

Выліваха і стары мудрэц рыхтаваліся да незвычайнага змагання. Кожны дзень з ранку да ночы яны былі занятыя. Чысцілі зброю, Гервасій праводзіў трэніровачныя баі, а стары шмат чытаў. Па вечарах мудрэц расказваў Гервасію:

"... кожны раз, забіўшы ідалава двайніка, чалавека-ляльку, якой Ідал кіруе, Смерць замацоўвае ў галовах людзей станоўчае аблічча Ідала, які б смертаносны ён ні быў. І пасля ідалавы нашчадкі ўбіваюць у мазгі людзям легенды пра сваіх "выдающихся деятелей" землякоў-суродзічаў, ды расстаўляюць ім паўсюдна помнікі - каменных, бронзавых, ды гіпсавых балваноў. Двайнікі ідалаў -- дыктатары ды тыраны, вядома ж пры жыцці, хаваюць свае жудасныя смертаносныя ўчынкі.

... змагацца з ідаламі значна цяжэй, чым са Змеем Гарынычам. Калі таму галаву адсячы, у яго толькі новая адрастае. А калі ідалаву галаву адсячэш, на яе месцы не проста новая вырастае, але яшчэ больш моцная, і ідал бачыцца людзям волатам-абаронцам. Больш таго, як толькі галаву ідалу адсячэш, так ідалава галава ў галовах ягоных ідалапаклоннікаў прарастае!

І тады ідалапаклоннікі не на пачвару дыктатарскую нападаюць, а на сапраўднага змагара за свабоду. Таму змагацца трэба з самім ідалам, а ягонага чалавека-ляльку да часу трэба нават паберагчы, якой бы брыдкай і пачварнай яна ні выглядала".

Вартасць выйгрышу ў новай гульні са Смерцю была гэтым разам для шчырага беларуса вельмі вялікая. Гуляючы ў шахматы са Смерцю, Выліваха гуляў толькі на сваё жыцце. Узяўшыся згуляць у "Русскую рулетку", рызыкаваў не толькі аддаць сябе на вечныя пакуты, але і адказваў за жыццё нацыі. Стрэліць жа ён мог толькі адзін раз. Шклоўскі ідал -- Пацыент свой стрэл ужо зрабіў. Заставалася па стрэлу ў ЛукаПШЫКА, шчырага беларуса і ў Смерці.

З усёй чацвёркі КУЛЮ вельмі любілі Смерць, шклоўскі ідал і ЛукаПШЫК.

Кожны з іх любіў КУЛЮ па-своўму. Для Смерці КУЛЯ была служкай. Для шклоўскага ідала КУЛЯ была лёсавызначальніцай, якая адкрыла яму шлях на "престол с царскими полномочиями", і таму шклоўскі ідал адчуваў КУЛЮ часткай свайго жыцця, нейкай роднаснай часткай. ЛукаПШЫК спадзяваўся на КУЛЮ, як на чараўніцу, якая адкрые яму шлях у "Невиданное миру государство".

Гервасій больш любіў калі, як КУЛЯ, вылятаў корак з бутэлькі, калі трапна, як КУЛЯ, біў жарт сябра, калі стралялі вочы прыгажуні і траплялі ў сэрца.
ЧАРКАВАННЕ, ЯК З ЛЮБІМЫМІ СЯБРАМІ РАЗВІТАННЕ

Гервасій Выліваха асабліва не любіў выжыльвацца ў працы. Усё яму лёгка ў жыцці давалася. Але сябе Гервасій занадта разумным таксама не лічыў . Калі што незнаёмае трэба было зрабіць, ён не саромеўся ў людзей парады спытаць, дапамогі папрасіць, а то і з кніжкі мудрую раду вычытаць. Такім яго выхавалі бацькі. Яны яму шмат чаго далі, а галоўнае -- розум ды здольнасць да кахання і любові, навучылі роднай мове, чытаць ды пісаць. А яшчэ перадалі яму ў спадчыну гісторыю свайго роду. А гумар у Гервасія быў - ад Бога.

І вось зараз, калі Гервасію выпала згуляць у "Русскую рулетку" са Смерцю і яе паслугачамі, Гервасій адчуў, што, можа, ён больш ніколі не вернецца ў родныя мясціны да сяброў і родных.

Вырашыў Выліваха наладзіць развітальную вячэру. Калі раней ён з сябрамі і дзяўчатамі дзе толькі ні гуляў -- любіў новыя мясціны, дык развітальную вячэру наладзіў дома -- у сваім родавым замку. Запрасіў усіх, каго хоць крышачку ведаў. Нават аднаго старога, якога ўсе прымалі за вар'ята, бо ўвесь час ён казаў незразумелыя рэчы, а калі старога за гэта абражалі, ён не крыўдаваў. А запрасіў яго Гервасій таму, што стары сябраваў з бацькам.

Сталы накрылі ў двары, бо на небе нават хмаркі не было. Збілі драўляныя "козлы" і на іх паклалі негабляваныя дошкі. Сталы былі вузкія і паставілі іх па традыцыі падковай.

Колькі гімнаў спета чаркаванню! Колькі слоў пярэбрана і бездапаможна адкінута дзеля апісання гэтай слаўнай працы, сапраўднага мастацтва чалавечых зносінаў. Не дзеля п'янства акаяннага, а дзеля ўзнёсласці душэўнай і ўрачыстасці цялеснай бяруцца сапраўдныя мужыкі за чаркі і не апускаюць, пакуль не пераканаюцца, што мужыкі яны сапраўдныя, а не нейкія незразумелыя істоты ў штанах. І не чмурам б'юць гарэлка ды медавуха ў галовы, калі гэта сапраўдныя галовы, а думкі, як іскры, выпраменьвае ды вочы ад дзённага мітуслівага смецця прамывае, праясняе пачуцці. І бачыш прыгожае ясна-ясна, і часцінкай гэтага прыгожага сябе адчуваеш. І, вох, як жыць хочацца, і дыхаць на поўныя грудзі, не, нават не дыхаць, а піць паветра, келіхамі ўцягваць у сябе жыццёвыя сілы, і не марнаваць іх на дробязі, а прыхоўваць для вялікага, высакароднага і людзям, сябрам, карыснага.

Ну, а калі ўжо па шчырасці, дык ці толькі ў напоі справа (аднаму, праўда, у чарцы невялічкай, а другі і вядром не абыдзецца). Вадзіца гэта чароўная празрыстая, бы сляза, ды пякучая, як каханне. Разумнаму -- здабытак, дурню -- ліха... А галоўнае, мабыць, што дом ёсць, пакой светлы, а ў ім стол вялікі, а за сталом сябры, як сям'я, нават бліжэй, бо крывёю ў бітвах парадніліся, а ў вокнах -- лес, рака і поле. Такія родныя ды чысцюткія, бы ў лазні памыліся -- так дожджык абмыў. І песня гучыць, і п'яніць і цвярозіць адначасова! Хоць і выпіта нямала! І плячом плячо адчуваеш, і дыхаеш-спяваеш, як цалуеш ды кахаеш! Як і сусед твой -- сябра. І звініць штосьці ў грудзях: не адзін ты на свеце гэтым. Такія ж, як ты, побач. І каравай адзін ламаюць і лёс дзеляць, плачуць ды смяюцца разам...А дзверы ў тым доме не зачыняюцца на ноч. Няма ад каго хавацца, няма чаго хаваць. І, галоўнае, душа гаспадара, як дзверы ў тым доме, таксама заўсёды наросхрыст. І ці можа быць інакш, калі ты Чалавек, а імя таму дому Незалежная Еўрапейская Дзяржава.

Так думаў Выліваха, усаджваючы сяброў і стол аглядаючы. І было тут на каго і на што паглядзець. Моцныя на постаць і празрыстыя на твар мужыкі бы гарэлка жытнёвая - "хлеб штодзённы", ці пшанічная -- "хлеб святочны". А на некаторыя твары глянеш, асабліва калі хто паляўнічы заўзяты, дык твары нагадваюць у аднаго анісаўку, у другога камяноўку, у трэццяга палыноўку ці цымонаўку, настойку на персікавых костачках. І твары гэтыя ў гарэлцы адпаведнай, як у люстэрку бачныя. А кабеты і маладыя дзяўчаты, як пяшчотнае і падманна мяккае віно.

І як вострая заморская прыправа, без якой страўнік на ежу і не адгукаецца, стары сябра-габрэй Пейцах насупраць Гервасія. Сівыя пейсы, вочы Хрыста, а на вуснах усмешка гандляра, штукара, жартаўніка. Ніколі за адным сталом ім сядзець не даводзілася, бо мяжа была каставая мацней за мяжу паміж жыццём і Смерцю. А тут селі. І кожны: і Гервасій, і стары габрэй перайшлі сваю мяжу, бо Выліваха збіраўся згуляць з Кашчавай ды перамагчы, а ў гульні той незвычайнай і так можа здацца, што жарт мацней за кулю паляціць, ці як звыштрывалы шчыт ад Смерці абароніць. А габрэйскі жарт Смерцю выкаваны-выпрабаваны. Селі разам -- значыць сэнс у сённяшняга сталавання своеасаблівы, незвычайны будзе. Сапраўдны беларус без сапраўднага габрэя, што бульба без солі. Пакуты ад нядолі аднолькавыя, упартасць у барацьбе за сваё роднае -- таксама. Таму і цягне Гервасія да Пейцаха, а Пейцаха да Гервасія.

А вось ужо на куту і Сымонка мосціцца. Дзед ягоны ў Радзівілаў лесніком. Не ведае бедны, пад якую паху скрыпачку сунуць. Гэты не мужчына яшчэ, але і не пацанё ўжо. Не так да стала яго цягне, як да музыкі, якою праз некаторы час і пральецца, бо папросіць душа гасцей, заспявае.

-- На гэта і гарэлкі не трэба, музыкай п'яны ды іншых цвяроза-раўнадушнымі не пакіне,-- каторы ўжо раз здзівіўся Выліваха, а сам позірк налева кінуў.

Ваяр Война. Чорны, няголены і нахабны. З тымі, хто волю нагой прыціскае, тады меч з ножнаў -- ластаўкай. Адзін супраць дзесяткаў, і толькі іскрынка вар'яцкай весялосці ў вачах. А на сцягу словы бліскавіцай: "Воля і незалежнасць"...

Раптам Выліваху нібы жарам абпякло. Позірк у позірку патануў. Незнаёмая, бялявая, не старая, не маладая. Але ў вачах усё жыццё, уся музыка свету, кветкі палявыя, радасць і смутак. Хто такая... адкуль... чыя? Але тут не жарам, а быццам вадой са студні хто акаціў. Узгадаў, чаго сяброў сабраў, у які шлях наладзіўся. Ды проста сама прыгажосць за сталом нашым.

"Што ж дзіўнага",-- пранеслася ў галаве. Супакоіўся Выліваха і каб не спахмурнець, гаркнуў, як з печы ўпаў:

-- А ці не стаміліся вы чакаць, госцейкі дарагія!

-- Чакаць - плакаць ды стагнаць! Медавуху піць -- весяліцца! Ды маладзіцца! -- звыкла падхапіў сябра Пейцах. І як у сук уляпіў. Ажыла прыціхлая грамада. -Налівай, браце, покуль ё што наліваць! Раз такі ўжо сабантуй, няма чаго чаркам сумаваць!

Салодкае імгненне! Першая -- святая. Выліваха спачатку з'еў кавалак мяса, наліў маленькі кілішак віна і пачаў піць ім "здароўе" гасцей. Называў паасобку кожнага госця кранаў вусны кілішкам. Кожны, каго называў Выліваха, уставаў і адказваў тым самым Гервасію. Звычайна на першым тосце за сталом стаяў такі гармідар, што ніхто нічога не разумеў. Але гэтым разам было інакш. Гервасій зычыць госцю здароўя, не спяшаецца называць прозвішча наступнага, а уважліва глядзіць у вочы госцю, слухае, быццам выпрабоўвае яго і адначасова развітваецца.

Калі першая -- святая, то другая... бо на адной назе не ходзяць. Трэцяя - Бог тройцу любіць. Чацвёртая, бо ў хаце колькі кутоў? Пятая за пятніцу. Шостая -- за тых, хто не стаміўся. Цяжкая і слаўная праца! Але хто ж кіне, раз талакой пачалі.

Там-сям ужо мацюжок ласкавы мужчынскі, сакатанне жаноцкае, як срэбрам на аксаміт. А ў цэнтры стала, дзе ад патэльняў жар і водар, размова амаль што сур'ёзная, калі б не свавольнік Пейцах. Слухае Гервасій сяброў і душой адпачывае.

-- Не вы будзеце смяяцца ды не паверыце, але я клянуся вам на Талмудзе, вы не можаце не ведаць, што гэта за кніга,-- гаварыў пра штосьці ўладальнік сівых пейсаў, размахваючы рукамі і пырскаючы слынай. - І мой местачковы сусед Мікіта (ён не габрэй, але ў кожнага свае недахопы, і я яму веру) расказваў пра тое самае. Маўляў, надоечы ў гаспадыні-хутаранкі парсюк чалавечым голасам загаварыў. За стол паспрабаваў сесці і з гэткім важным выглядам нават гарэлкі папрасіў. Я, быццам бы казаў, таксама чалавек і калі-небудзь яшчэ вамі пакірую.

-- Лухта, -- прамармытаў глуха Война, нетаропка прапускаючы ці то сёмую, ці то восьмую чарку. -- Пахмяляцца трэба, пан Пейцах, своечасова і якасна... Але...Хто ж яго ведае. Мабыць, і праўда, не дай Божа. Няма горш пана, чым пан з хама...

Пачуўшы гэтую размову, з розных кутоў стала адгукнуліся госці:

-- А ў нашых краях таксама казалі, што баран за стол палез ды бляяць пачаў: "Я-я-я -а-с-п-а-д-а-р! Сем шкур здыму! Калі хто слухацца не будзе!".

-- Не, не так было",-- перабіў яго другі госць,-- не баран, а казёл, ды рагамі пачаў бліны калоць, да столі кідаць ды ротам лавіць, а барадой у смятану ўмачаць".

-- Якая лухта! -- аж узвіўся Пейцах над сталом.-- Чалавекапарсюкоў развялося. Жах! Няхай бы іх маткі ў траву павысцыкалі!

І завяла грамада, нарагатаўшыся ўсмак, гаворку пра ведзьмакоў-пачвар, пра ноч арабінавую-вераб'іную, пра жахі-прывіды.

А тут як раз пад размову пра жахлівых пачвар торты пачалі рэзаць, а з іх як фыркнулі жывыя птушкі! Ды крыламі па насах шмат каму нахлясталі. Мужчыны здрыгануліся, а жанчыны віску нарабілі.

Нехта з гасцей, хочучы паказаць сваю дасведчанасць і дагадзіць Гервасію, спытаў у гаспадара:

-- А качка запечаная з жывым сэрцам ці будзе?!

Гервасій адразу спахмурнеў. Яму аднойчы давялося пабачыць гэтую страву ў гасцях у магната... Качку запякалі паступова, а сэрца, каб захаваць жывым, увесь час абкладвалі халоднымі мокрымі анучкамі. Уся качка запякалася, апрача сэрца. Так яе і падавалі гасцям. Гервасій з прыкрасцю назіраў, як некаторыя, з задавальненнем рэзалі качку, глядзелі як б'ецца яе сэрца, а некаторыя нават выразалі яго і тут жа пачыналі жаваць і плямкаць... Былі і такія, хто глытаў жывое сэрца і прыслухоўваўся, ці б'ецца яно ў страўніку. Выліваха не вытрымаў такога здзеку з жывога стварэння, не змог без прыкрасці глядзець на нелюдзяў -- выбег з-за стала.

На пытанне госця пра качку Гервасій адказаў рэзка, як адрэзаў:

-- Такіх качак ніколі ў мяне не было і не будзе! А вось іншыя птушкі, дык калі ласка, частуйцеся! -- Пад гэтыя словы на сярэдзіну "падковы" вынеслі вялізны торт. Гервасій загадаў наліць гасцям і сказаў тост: "Каб вы, госцейкі дарагія, напіліся ды не пабіліся! -- Як толькі чаркі ў руках у гасцей паказалі дно, Выліваха падміргнуў слузе, той разрэзаў торт і адтуль з крыкам вылецеў певень, заспяваў бы раніцу сустракаў. Потым певень ускочыў на стол і пачаў дзяўбсці тых, хто ўжо паклаў сваю галаву ў талерку. Пасля некалькіх удараў той прадзіраў вочы, пачынаў махаць рукамі, праганяць пеўня пад рогат гасцей.

Шум-гам узняўся неверагодны. А адзін знаўца трапна заўважыў:

-- Гэта шклоўскі певень! Іх спецыяльна для гэтага блюда дрэсіруюць!

Калі певень разбудзіў тых, хто заснуў, Выліваха загадаў:

-- На патэльню шклоўскага пеўня! Засмажыць ды падаць тым, каго ён дзёўб!

І зноў рогат, і нават пакрыўджаныя кінуліся абдымаць ды цалаваць Выліваху. А старац-вар'ят толькі ўсміхаецца. Быццам і няма яго за сталом. Спажывае гарэлачку толькі вачыма і есці, як верабей п'е. Паглядзеў на яго Выліваха і адчуў, што за сталом толькі ён ды стары аднолькава ўсё разумеюць ды адчуваюць. І так не вельмі вясёлы быў Выліваха, а тут успомніў пра нешта сваё, патаемнае, ды яшчэ ўяўленні пра жывое сэрца запечанай качкі... параўнаў сябе з качкай насупраць Смерці... зусім галаву павесіў.

І сябры - іх Бог на зямлі на тое і стварыў - смутак Гервасія заўважылі, прыціхлі, і гэтага якраз Сымонка і чакаў, дзеля гэтага жыў. І прачнулася скрыпачка, і ўжо не відаць было, дзе яна пачынаецца, а дзе рукі хлапчука канчаюцца. І не скрыпачкай яна ўжо была, а працягам цела і душы Сымонкавай. Падрыжала голасам са сну, але праз хвілю ўзнялася жаваранкам і ў імгненне растварылася ў душах. А жаваранак шчыраваў як заўзяты. Уверх, як па сонечным праменьчыку узлятаў, весялосцю захліпаўся. Госці ў абдымкі адзін аднаму кідаліся, слёз радасці не хавалі, песню падхоплівалі. Калі ж жаваранак уніз камянём падаў -- горам ды тугой умываўся. І жах людзей браў. Першабытны, халодны, слізкі. Хоць Дабро і Зло хатамі вокны ў вокны жывуць, і няма без гора і радасці музыкі сапраўднай, аднак ці лягчэй ад гэтага душы чалавечай. Але ўсё роўна ні песню не кідалі, ні абдымкаў моцных (усё ж такі гора сябры лягчэй дзеляць, чым радасць). А тугу ды смутак сапраўдны сябр толькі сабе пакідае.

Ураз зачараванне скончылася. Уздыхнулі ўсе, ці то з палёгкай, ці то з сумам. Апусціў Сымон вытанчаную руку са смыкам, скрыпачцы даў адпачыць і душам супакоіцца. І зноў каторы раз здзівіўся Выліваха, як з гэтага кавалка фанернага ды з жыл грубых такая моц па душах шыбае.

-- Вось такое, пане-дабрадзею, чаркаванне...--кінуў хтосьці, як развітаўся.
СПАДЧЫНА

І ў гэты момант (іншага не прыгадаць было) падышоў да Гервасія старац-вар'ят. Супакоіў поглядам, рукой руку падхапіў і загаварыў, вачэй не адводзячы.

-- Што здарылася, сынок? Можа дапамагчы табе чым?-- Гервасій крыху павагаўся, расказваць ці не, а потым вырашыў, што стары вар'ят наўрад ці будзе смяяцца, бо сам, кажуць, нешта падобнае расказвае, і іранічна жартуючы сам з сябе, паведаў старому пра дамову са Смерцю згуляць у "Русскую рулетку" з ёю, з нейкім шклоўскім ідалам -- Пацыентам з "Невиданного миру государства", ды з нейкім ЛукаПШЫКАМ будучай Беларусі Прэзідэнтам. Гервасій распавядаў і бачыў, што стары верыць і ўзнікла надзея, раптам суразмоўца нешта падкажа, бо кніжак розных стары шмат прачытаў, калі ў бібліятэцы бацькі Гервасія працаваў.

Стары быў, як заўжды, сур'ёзны:

-- Вось і прыйшоў час, Гервасій, перадаць табе сапраўдную спадчыну тваіх бацькоў.

Стары працягнуў Гервасію тоўсты сшытак і дадаў: -- Гэта той сшытак, у які маці свае думкі запісвала з таго часу, як бацьку твайго пакахала. Менавіта пра яго хадзіла легендарная пагалоска. Маці ўсё жыццё марыла, што яе сын будзе шчырым беларусам, а ў сшытку тым якраз і была назапашана мудрасць шчырых беларусаў. Ёсць там і пра тое, што рабіць, калі Смерць паставіць пытанне рубам: "БЫЦЬ БЕЛАРУСАМ ЦІ НЕ БЫЦЬ?". І апісваецца там, як з пасланцамі смерці змагацца, хто яны такія, на што сапраўднаму беларусу ў барацьбе абапірацца. Астатняе табе на словах мушу перадаць, табе ж трэба ўважліва слухаць і запамінаць.

Пайшлі яны ў пакой бібліятэкі і стары вар'ят пачаў расказваць ды на вачах у Гервасія паступова ператвараўся ў чараўніка з казкі:

-- Галоўнае для перамогі над ідалам -- неабходнасць перацягнуць балвана з таго свету на гэты. А там яго моцна трымаюць сваёй паганскай вераю пацыенты. Каб адпусцілі свайго Галоўнага Пацыента пацыенцікі, трэба разбурыць іх веру ў ідала, бо вера гэтая мацнешая за ўсялякія ланцугі і трымае яго ў галаве ў ідалапаклоннікаў, як абцугамі.

А перацягнуць яго можна, калі ідал адчуе, што на гэтым свеце верай людской пасілкуецца, ды калі яму даць зразумець, што ён зможа з пачуццямі людскімі справу мець. Перацягнуўшы ідала з таго свету на гэты, абавязкова перацягнеш і веру, якой ён імгненна заражае тутэйшых людзей.

Перад тым як ідала на гэты свет перацягнуць, трэба яго падстрыгчы і распрануць. У такім выглядзе ідал не зможа ачмураць людзей сваёй паганскаю вераю. Бо людзі пабачаць, што ў ягонай галаве дзірка і ўсё што ён кажа,-- вецер свішча.

Можна паспрабаваць ідала на чалавека перарабіць. Дзеля гэтага патрэбныя спецыяльнае лячэнне-антыачмурэнне ды адмысловыя спецыялісты. Мажліва, спатрэбіцца нават зрабіць яму перасадку мазгоў, бо каменныя мазгі, ці драўляныя, ў ідалаў, лячыць -- што курэй смяшыць. І дурню зразумела -- сам ідал ні за што не пагодзіцца сапраўднымі мазгамі разжыцца.

Яшчэ адным сродкам ідаларазбурэння з'яўляецца пачуццёвае замаражэнне: калі ўсім людзям на ідала ўвагі не звяртаць, усялякія пачуцці адносна ідала, і станоўчыя, і адмоўныя, стрымліваць ды хаваць, ідалу нічога не застанецца, як чалавекам стаць. Але ў хворым грамадстве з пацыентами такога ніколі не дабіцца.

-- Што такое хворае грамадства?-- перапытаў Выліваха ў старога і пачуў:

-- Гэта калі большасць людзей дурняў прымаюць за разумных, дзяцей на смерць пасылаюць ды пры гэтым песні спяваюць, ім кажуць трэба свой дом будаваць, а яны давай гарэлку глытаць, ім кажуць: "Будуйце сваю дзяржаву!", а яны адказваюць: "Навошта?! Няма дурных! Няхай нам будуюць суседзі злева ды справа!"

Гервасій недаверліва глянуў на старога, а той вучыў:

-- Не думай, што я дурань ці з глузду з'ехаў. Там у будучыні ты яшчэ не такое вар'яцтва пабачыш. Таму вытрымка табе патрэбна незвычайная, каб галава твая і душа вытрымалі, розуму ды маральнай чысціні не страцілі. Дык вось слухай далей.

Ідал смеху баіцца, як полымя вады, як усё жывое -- Смерці, як каханне --прымусу, а свабода -- грашыма спакусу. Калі б усе людзі пачалі з ідала смяяцца, яго чары ад смеху пачалі б разбурацца. Але тут людзям патрэбна мець пачуццё гумару і шчасця адчуванне. А іх у нас няма і доўга не будзе. Замежныя ж краіны сваго гумару і шчасця ў будучыні нам у крэдыт не дадуць, ды грошай, каб набыць гумар не пазычаць.

А няшчасце задураным беларусам даўга яшчэ не дапаможа...

Без перамогі над ідалам немагчыма выратаваць Беларусь і яе людзей. Калі ідала не пераможаш, дык бацька твой Князь прасіў табе на словах перадаць, што вось тады табе трэба лёсавызначальную КУЛЮ шукаць, Смерць абдурваць -- яе ў хаўруснікі браць, бо "КУЛЯ-лёсавызначальніца прызнае толькі Смерць-начальніцу.

Калі скончыў стары свой расказ, Выліваха адразу прапанаваў:

-- Давай разам будзем змагацца, аднаму мне без тваёй мудрасці Смерць з яе хаўруснікамі не перамагчы!

Стары пагадзіўся.
САКРЭТ ПАПАРАЦЬ-КВЕТКІ

Усю ноч Гервасій і стары мудрэц правялі за размовамі. Раз-пораз выходзілі да гасцей. Наведалі і лазню. Яе напалілі з вечара. Да ўсходу сонца Выліваха і стары мусілі выпарыцца. Стары чакаў таго моманту, калі можна будзе пачаць старадаўні рытуал. І вось калі яны зайшлі ў лазню, мудрэц сказаў:

-- Трэба пачынаць! Глядзі на камяні. Усе чырвоныя і ніводзін не мае цёмнай пляміны. Камяні назапасілі ўвесь гойны жар агню, ўсю ягоную моц, якая можа ацаляць цела і гартаваць яго. Зараз яны мусяць аддаць гэты жар пару і соку траў, якія настоены на крынічнай вадзе і якой яны аддалі усю сваю лекавую моц. Яна загартуе цела наша і душу.

Яны раздзеліся, селі на паліцу, і ўзнікла адчуванне, быццам селі яны ў печ -- такі жар ахапіў усё цела, залез у рот, нос і нават у вушы. Яны прыціснулі свае спіны да бярвенняў. Спіна і галава зліліся з бярвеннямі з розных дрэў. Каля сцёгнаў быў дуб, вышэй паясніцу грэў вяз, яшчэ вышэй назапашанае цяпло аддаваў ясень, у грудзі патыхала водарам ліпа. Гэтую незвычайную лазню рабіў бацька Гервасія разам са старым мудрацом. Калі хто выпарыцца ў той лазні, то не толькі сілы свае ўзновіць, але і думаць пачне па-іншаму, бо далучыцца да прыроды кожнай часцінкай свайго цела і звонку, і знутры.

Яны сядзелі і ўдыхалі водар настояў траў і пах дрэў. Стары раз-пораз ліў на камяні настой з траў, і камяні па-добраму фыркалі і аддавалі назапашаны жар ды водар лугоў. Усё цела пакрылася кропелькамі поту. Выліваха спытаў у старога:

-- Чаму менавіта гэтыя травы вісяць у лазні? Што гойнага ў іх настоі?

Стары пачаў павольна апавядаць:

-- Травы-кветкі гэтыя сабраныя ў самы вялікі дзень года. Яны назапасілі ўсю гойную моц Перуна-бацькі і Зямлі-матухны. Да таго ж іх асвяцілі ў царкве. Вось зараз мы і дыхаем самай чароўнай парай, якая напоўніць нашыя грудзі моцай, што супраць смерці. Усё лета мы дыхалі водарам лугоў і лясоў, пылком кветак і дрэў. Не злічыць, колькі жыццядайных часцінак пылку трапіла ў нашыя грудзі і прымушае мацней біцца сэрца, дае яснасць розуму. Куды мы зойдзем у нашай барацьбе са Смерцю -- невядома. Таму сёння ў лазні нам трэба як мага мацней падсілкавацца жыццядайным духам Перуна і зямлі, што назапасілі кветкі і травы.

Выліваха глыбока ўдыхнуў, і адразу кроплі поту зліліся ў танюткія ручайкі і пабеглі ўніз па целе. Быццам нейкі нябачны чараўнік казытаў цела вільготнымі цёплымі струменьчыкамі. І зноў Выліваха спытаў:

-- А ці ёсць сярод гэтых кветак папараць-кветка?

У матчыным сшытку Гервасій шмат чаго прачытаў пра папараць-кветку. Маці запісвала расказы старых, якія чула сама ці яе муж, а потым расказваў ёй пад запіс. Вось што там было.

"Беларусы любяць папараць-кветку больш за іншыя кветкі, хоць ніводзін чалавек яе не бачыў!

На папараць сыходзіць і ўспыхвае яркім цветам агонь Перуна. Гэта і ёсць папараць-кветка.

У купальскую ноч можна знайсці папараць-кветку і з ёю скарбы, а калі ляжаць усю ноч у папараці, то можна ведаць ўсё, што на свеце робіцца.

...нячыстая сіла чыніць розныя перашкоды: адводзіць вочы, а найбольш палохае рознымі жахамі. Найчасцей тыя, хто пайшоў у лес па гэтую цудоўную кветку, паміраюць ад страху.

Хто папарацеў цвет мае, той усё ведае..., будзе ведаць, што худоба гаворыць... і можна будзе ведзьмаю стаць.

...Будзеш знаць, як гаворыць скаціна. Каб пабачыць тую папараць, трэба пайсці ў карчы, у лес -- там яна цвіце; сесці, каля сябе абвесці круг рукамі. Ну а як сядзіш, дажыдаешся, каб зацвіла папараць, -- то трэба не баяцца нічога, бо палохалы ўсялякія будуць: прыйдзе жаба з возам, з фураю саломы, будзе тую салому паліць, на цябе кідаць, але баяцца не трэба, бо салома таго круга не пераляціць.

Папараць-кветка робіць яе ўладальніка нябачным. Кветка адмыкае і зноў замыкае замкі, такім чынам, уладальнік кветкі можа браць, хто што хоча і адкуль хоча.

Ё такія дурні, што ў гэтую ноч ідуць у лес шукаць цвету папараці. Яны не ведаюць, што ліхі не дапусцяць іх да таго цвету.

У купальскую ноч выходзяць на паверхню заклятыя скарбы, як чырвоныя ці сінія агні, гледзячы па тым, з чаго складаецца скарб: з золата ці з срэбра.

...вялікія грашовыя скарбы, нават з закляццем, што былі закапаныя ў старажытнасці ў зямлю, -- самі выходзяць на паверхню дзеля прасушкі, іх вартуе нячыстая сіла, якая рознымі прывідамі пагражае кожнаму, хто набярэцца рызыкі падступіцца да іх. Адзіным сродкам авалодаць імі служыць папараць-кветка. Калі хто апоўначы пойдзе па папараць, то яна можа трапіць у лапаць, і тады ніякая нячыстая сіла не пасмее адабраць знойдзеных скарбаў.

Папараць-кветка, здабытая ў купальскую ноч, будзе захоўваць сваю цудадзейную моц толькі тады, калі той, хто знойдзе яе, -- пачне насіць яе пад скураю правае далоні.

Хто гэтую кветку здабудзе -- будзе мець усё, чаго толькі душа пажадае!

Калі папараць-кветка красуе, то ляціць зорка і так ярка свеціць, што жудасна робіцца".

Вось такія звесткі пра папараць-кветку былі запісаны ў сшытку маці Гервасія.

Ад розных людзей Гервасій чуў таксама, што папараць-кветку можа знайсці толькі чалавек крышталёва чысты, шчыры, сумленны. І калі знаходзіў яе ў ноч пасля самага доўгага дня ў годзе, то з кветкаю тою да вясны абранец лёсу захоўваў сонечнае цяпло, а вясною вяртаў назапашаны жар сонцу, запальваючы пудзіла. Людзі ведалі, што несумленны чалавек, слабы душою, не зможа захаваць сонечную крыніцу жыцця чалавечага.

Пазней, калі беларусы навучыліся кахаць, яны здагадаліся, што папараць- кветка дазваляе таму, хто яе знойдзе ў ноч пасля самага доўгага дня, знайсці каханую, і каханне тое будзе моцнае і доўгае".

-- Дык ці ёсць сярод гэтых траваў кветка-чараўніца?-- зноў спытаў Гервасій, ды чакаў пры гэтым адмоўнага адказу старога мудраца.

Але той нечакана адказаў так, што Гервасій адчуў, быццам яго халоднай вадой хто абліў:

-- Можа і ёсць. Бо папараць-кветка мае сакрэт, якога людзі не ведаюць, а Смерць яго каму і адкрые, дык тут жа да сябе і возьме. Хавае Кашчавая сакрэт кветкі-чараўніцы.

Беларус, які перад тварам Смерці не толькі не спужаўся, а надварот, калі ўсвядоміў, што загіне, па-сапраўднаму ў дзяўчыну ці жанчыну закахаўся, абавязкова сустракаў папараць-кветку. У рукі закаханаму перад Смерцю кветка давалася сама, як звычайная кветачка. Але пры гэтым чароўная моц яе не ўступала ў сілу, пакуль закаханы не адорваў каханую кветкай незвычайнай, -- тут і пачыналіся цудадзейныя чары.

Кветка чараўніца надзяляла абранца незвычайным зрокам. Мог ён разгледзець у любым чалавеку не толькі каханне і смерць, яле і іхні зародак. І скарб мог знайсці, і кулю-лёсавызначальніцу праз накідку Смерці разгледзець.

Моц папараць-кветкі бараніла закаханага ад Смерці і бараніла, каб абранец змог тое каханне незвычайнае іншым людзям перадаць, душы іхнія каханнем запаліць і агонь кахання падтрымаць, ад пагібелі абараніць. І таму бараніла папараць-кветка улюбёнца жыцця ад Смерці. І моц кветкі папараці ішла ад Бога, бо каханне перад тварам Смерці давалася толькі Богам, давалася не кожнаму.

Мог такі чалавек любыя багацці знайсці, самы пракаветны скарб. Быў здольны цяпло душ чалавечых зберагчы, устанавіць паміж людзьмі лад.

І рабіў ён гэта толькі дзеля сапраўднага кахання, якое супрацьстаіць Смерці, якое ўзвышае чалавека да боскіх вяршынь, адольваючы зямное прыцягненне і зямныя страхі. І на гэтым узлёце Бог перад тварам Смерці дае абранцам любоў і да свайго народа, да сваёй радзімы і дае толькі тым, хто здольны перадаць любоў іншым людзям.

Папараць-кветка давала чалавеку не толькі здольнасць разумець мову звяроў ды птушак, а яшчэ адорвала его пачуццём гумару і майстэрствам пераўтварэння гумару ў іронію ды сарказм.

Гэтае пачуццё дазваляла гаспадару жыць у некалькіх вымярэннях і бачыць у звычайным яшчэ адзін свет. Яно ратавала ад роспачы, бараніла ад смяротнага страху. Пачуццё гумару, падоранае чароўнаю кветкаю, утварала іронію ды сарказм, і здольнасць забіваць ворага тады, калі яго не маглі дастаць ні куля ні меч, і адраджаць у душах людзей веру і надзею на выратаванне.

Выліваха лічыўся сярод сваіх сяброў самым вынаходлівым вартаўніком. Яго розыгрышы дурных багацеяў весялілі прасты люд і злавалі ўладцаў. Кпіны Вылівахі выводзілі з раўнавагі самых цярплівых, а жарты ўзбуджалі нават каханне жанчын. Але свой прыродны гумар Гервасій раскідваў, як дробныя манеты. Пасля спаткання са Смерцю і сапраўдным каханнем, у гумары Гервасія, адоранага папараць-кветкай, прабілася цудадзейная сіла. Ягоны гумар мог выратаваць чалавека, які ў роспачы быў гатовы памерці, мог забіць нелюдзя, ідала,-- любога ворага ў чалавечым аблічы.

Так што, можа, нехта з тых, хто кветкі гэтыя збіраў, Смерць сустрэў ды не спалохаўся, а закахаўся. Вось і трапіла тады кветка-чараўніца яму ў руку. Ды падарыў ён тую кветку каханай, а яна занесла яе з іншымі травамі, што сабрала сушыцца, ў лазню.

І тут Гервасій Выліваха прыгадаў, што калі першы раз Смерць яго да сябе забірала, а ён у дзяўчыну закахаўся і з ёю на вачах у Кашчавай цалаваўся, адбылася незвычайная падзея.

Калі Кашчавая павяла за сабой Гервасія, і яны сустрэлі вясковую прыгажуню, Смерць убачыла ў вачах у хлопца полымя кахання, і такая зайздрасць ахапіла яе, такая нянавісць да жыцця, ажно Смерць так счарнела, што на зямлі на імгненне наступіла ноч! Але ні Гервасій, ні дзяўчына не заўважылі гэтага, бо каханне палымнела ў іх душах ды вачах, як сонейка! Выліваха, які хацеў аддаць дзяўчыне ўвесь свет, сваё жыццё ёй аддаць, а не Кашчавай, сарваў сціплую кветку сваёй каханай. Смерць кінулася тады да Гервасія -- так захацелася ёй займець папараць-кветку, але стрымалася, бо ведала, што кветку тую сілай здабываць нельга, каб не страціла яна сваёй чароўнай моцы. Папараць-кветку можна толькі атрымаць як падарунак ад каханага. Смерць з прытоеным спадзяваннем нават спыталася ў Гервасія: "Ці не мне сарваў?". Гервасій, нічога не кажучы, падаў кветку вясковай прыгажуні, у якую закахаўся.

І яна ўзяла яе пяшчотна ды схавала на грудзях каля сэрца. І была тая кветачка --папараць-кветка! Яна і абараніла закаханых. Смерць не змагла тады забраць да сябе ні Гервасія, ні ягоную каханую! І нават у шахматы прайграла Гервасію, бо рэшткі розуму страціла -- такая была ў той кветачцы сіла.

-- Дык вось чаму ніхто і ніколі не бачыў, не сустракаў ды не чуў пра таго чалавека, якому пашэнціла знайсці чароўную кветку,-- узрадаваны адкрыццём усклікнуў Выліваха.-- І беларусы пачалі лічыць, што папараць-кветка -- гэта прыгожая легенда, чароўная казка. І кожны год святкавалі яны ноч на Купалу і папараць-кветку шукалі, бы ў гульню гулялі.

А на самой справе мела папараць-кветка сакрэт, пра які ведала толькі Смерць і насуперак ёй - некалькі мудрых беларусаў. А як жа баялася іх Смерць, хаваючы тайну!

Пасля таго як Гервасій ды старац некалькі разоў выпарыліся, абмыліся і адчулі, што іх цела так дыхаць пачало, быццам скура змылася, падрыхтаваліся да новага старадаўняга абраду і купання ў расе.

Раса, што спасерабрыла траву, прыцягвала Гервасія. Ён стаў на калені, правёў далонямі па траве, абмыў роснымі далонямі твар, а потым распрануўся і лёг жыватом ра росную траву, як у ваду. На імгненне замёр, а потым пакаціўся па траве, абмываючы цела роснай жывіцай. Праз колькі хвілін цела гарэла. Трава пакідала на целе парэзы, якія бадзёрылі, і праз іх цела ўбірала расу -- настой духмяных траваў. Ад хмелю ў галаве не засталося і следу, толькі цёмны след на срэбранай траве ад цела Гервасія.

ПАДАРОЖЖА Ў БУДУЧЫНЮ

Выліваха не ведаў, што на яго баку быў сам Бог, які таксама, як і маці, не пакідаў надзеі, што блюзнер і гуляка апамятаецца, перашалее, як гарэзлівае дзіця, паверыць і ўпакорыцца яму -- сапраўднаму ўладару Сусвету. Бог быў упэўнены, што беларусы адвернуцца ад ідалаў, як калісьці зрабілі іх продкі, і паселяць Бога ў свае хаты і душы.

Таму Бог дапамог Выліваху сканструяваць і сабраць электронны кампутарны сканер. Гэты сканер мог на адлегласці чытаць думкі, пачуцці і жаданні любога чалавека, ідала і нават Смерці. Мог чытаць, не бачачы істоты, на вялікай адлегласці і нават з экрана тэлевізара і з радыёпрадуктара. Мог з рэшты думак і пачуццяў стварыць цэльную думку Пацыента, якая пазней узнікне ў ягонай галаве. А мог таксама чытаць на адлегласці газеты, кнігі і часопісы, дзе б яны ні ляжалі, а таксама пратаколы міліцыянтаў і суддзяў. Сканер той кампутарны дазваляў бачыць, што робіцца ў мінулым і ў будучыні. І меў той кампутарны сканер незвычаўную прыладу -- Трансформер, які дазваляў перанесці свайго гаспадара ў любое месца на зямлі і ў часе. Трансформер даваў Гервасію неабмежаваныя мажлівасці ў барацьбе, каб можна было паляваць на Смерць, яе паслугачоў і КУЛЮ.

Выліваха са старым мудрацом вырашылі скіравацца ў будучыню, але пакуль што не ў Беларусь, а ў Варшаву, каб там прызвычаіцца да сучаснасці, а ўжо адтуль -- у Беларусь.

Нічога фантастычнага ў гэтым незвычайным падарожжы ў часе беларусаў не было. Нацыя беларусаў, бадай, адзіная нацыя ў свеце, прадстаўнікі якой адначасова жылі і жывуць ў некалькіх вымярэннях. Адны жывуць, як быццам назад ды задам наперад бягуць. Жыццё мяняецца, усё развіваецца, а ім здаецца, што час па іх жаданні адкручваецца назад. Другія жывуць так, быццам свой час на стагоддзі абагналі, а сучаснага жыцця ніколі не ведалі, не зналі. Трэція з часам зліліся і жывуць толькі тым, што ім па тэлевізары пададуць. Адным словам, жывуць у Санта-балоце.

Таму Гервасію, які ў свой час пасля вяртання ад Смерці нават на сваё пахаванне трапіў, ды на труну сваю паглядзеў, падарожжа ў будучыню было як нашаму сучасніку прагляд тэлеканалаў ад саўковага БТ, праз сучаснае НТВ да будучага СІ-ЭН-ЭН.

Адзінае, што рабіла падарожжа Гервасія ў будучыню незвычайным, было тое, што папараць-кветка захоўвала сваю цудадзейную моц у будучыні. Гэтаксама захоўвала сваю злую цудадзейную моц і лёсавызначальнаіца КУЛЯ.

Як толькі Выліваха са старым мудрацом з дапамогай трансформера перанесліся ў будучыню, адразу ад розных людзей пачулі пра стрэл пад Лёзнам ды развагі людзей, што не просты той быў стрэл, а лёсавызначальны.

Гервасій са старым мудрацом чуў, як шмат хто казаў пра КУЛЮ, што засела пад Беларуссю ў яе зямлі. Некаторыя разважалі, што ўсе нягоды людскія ў будучай Беларусі -- ад той кулі. Бажыліся таксама, што пакуль яе не знойдуць, не выдзеруць з цела Беларусі -- не будзе беларусам шчасця і долі. А няшчасця было ў людзей -- хай Бог крые. Самае страшнае, што раз-пораз знікалі людзі рознага ўзросту. Гэта былі незадаволеныя ЛукаПШЫКАМ-Прэзідэнтам. Пагаворвалі таксама, што гэтых "оппозиционеров" звозяць кудысьці на мяжу з суседняй дзяржаваю, і там яны знікаюць. Следу па сабе не пакідаючы. Ці іх там у нейкі калодзеж скідваюць, ці КУЛЯ-лёсавызначальніца іх мазгамі частуецца -- дакладна ніхто не ведаў. І яшчэ шмат каторыя казалі, што па начах збіваюць людзей нейкія нацыяналісты -- пасланцы той КУЛІ... Цяжка было разабрацца ў супярэчлівых чутках.

Некаторыя шэптам на вуха, -- што быццам сустракалі тых, хто бачыў тую КУЛЮ. Знаходзіліся і такія, што на свае вочы бачылі ўначы сярод балот на мяжы з Расіяй, пад Лёзнам, як яна зялёным святлом свяцілася і ў тым зялёным святле чырвоныя кажаны лёталі. Казалі, што гэта ад багны, што гэта -- як вялізны святляк на могілках, а святло тое зацягвае на той свет у "Невиданное миру государство" і слабому, хто звык толькі ўгінацца і жыць ў вечным страху, век з тае багны не вырвацца. Ці не таму якраз мала хто мог дакладна расказаць пра тую кулю: хто яе бачыў, тых ужо няма, зніклі, як і не было іх, а хто вырваўся, той замаўкаў на ўсё сваё жыццё -- забываў сваю мову, а калі нешта і гаварыў, дык на нейкай дзіўнай не зразумелай нікому мове -- трасянцы. Калі ж шукаць лёсавызначальную кулю ішлі хлопцы мужныя, якія нават смерць "у грабе" бачылі, ад такіх Кашчавая кулю тую хавала -- свячэнне ў начы чорнай посцілкай ахінала, а калі світала, белым саванам, як туманом, ахутвала.

Рознае казалі, нават і тое, што куля кожны дзень на досвітку вылятае з багны і завісае над Беларуссю пад сонейкам ці за хмарамі ды цэліць у сваю ахвяру.

Старыя людзі, якія перажылі продка ЛукаПШЫКА, лічылі, што ўладу над куляй зможа атрымаць той, хто знойдзе ўначы папараць-кветку, бо знайсці яе можа толькі чалавек, які па-сапраўднаму кахае. А з папараць-кветкай ён набудзе чароўны зрок ды ад Смерці зарок -- зможа не толькі ў каханай творцу разгледзець, але праз посцілку Смерці ўбачыць КУЛЮ лёсавызначальніцу ды "прыгаварыць" яе.

А Кашчавая з такім беларусам нічога не магла зрабіць, бо калі спатыкала яго, дык і сілу сваю смертаносную траціла, ды, як зачараваная, каханнем хварэць пачынала, але рабіла гэта па-свойму, не па-чалавечы.

Але ж казалі таксама, што пасля таго, як КУЛЯ-лёсавызначальніца засела ў зямлі Беларусі, папараць-кветка больш ні разу не зацвіла. Таму шчаслівых беларусаў паменшала ды змагароў са Смерцю не па большала.

А моладзь лічыла, што авалодаць куляй зможа хлопец-зух, шчыры беларус, які зможа сканструяваць кампутар ды электронныя прылады, каб кулю знайсці ды ў сілкі спаймаць.

Так менавіта з гісторый пра кулю пачаў Гервасій знаёмiцца з жыццём у будучай Беларусі i парадкамi, якiя утварыў шклоўскі ідал Пацыент у "Невиданном миру государстве" ды ягоны зямляк ЛукаПШЫК -- Прэзідэнт будучай Беларусі.

Чытаў ён на кампутарным сканеры рашэннi розных судоў, пратаколы мiлiцыянтаў i ўсялякiх выбарчых камiсiй. Праглядваў газеты, слухаў радыё, глядзеў тэлеперадачы. А тэлеперадача "Плейбой" дык аж настолькі спадабалася, што Гервасій быў і забыў, навошта ў гэты свет трапіў. Калі ж па сталіцы аднойчы ўвечары прагуляўся ды сучаснымі прыгажунямі пазахапляўся, жахнуўся, што гэткіх зорачак Смерць да сябе возьме, калі ім ідал зубы загаворыць, ды іх прывабныя фігуркі ў шкілеты ператворыць.

І ў той момант, калі Выліваха ў кашмарным сне пачаў уяўляць, як будзе Смерць з прыгажунь каханне смактаць, абудзіў яго голас дзяўчыны, якая падышла спытацца: "Адкуль вы такі прыгожы?! А хто вам пашыў кашулю-вышыванку?! Вы з тэатра? А што тут робіце зранку?"

Глянуў Гервасій на сонейка і жахнуўся, бо ўжо раніца, а ён па старой звычцы так ноч правёў у парку пад зоркамі з маладой.., што прачнуўся, калі сонечны праменьчык ды голас дзявочы да яго дакрануўся.

Гервасій кожную ноч праводзіў у парку, а стары мудрэц тым часам сядзеў за кампутарам. Не, Выліваха не бавіў час з дзяўчатамі, як у маладосці. Папараць-кветка навучыла яго разумець не толькі мову птушак і звяроў. Ён разумеў таксама мову і думкі ідалаў і ідалападобных прэзідэнтаў. Лепш за ўсё гэта ўдавалася ўначы пад зоркамі. І вось Гервасій гуляў уначы з дзяўчынаю ці сядзеў на лаўцы ды расказваў ёй тое, што было ў галаве ідала ці прэзідэнта. Як казку расказваў, а рабіў гэта, каб лепей запомніць. Потым прыходзіў да старога і запісваў усё, што за ноч даведаўся, у кампутар. А стары паказваў усё, што злавіў кампутарны сканер. Так яны праводзілі зверку інфармацыі, і памылкі не павінна было быць.

На гэты раз Гервасій заснуў і яго абудзіў дзявочы голас і сонечны праменьчык. Юная мастачка Настачка была беларуска. На гэтым месцы звычайна зранку малявала расу. Дзівачка, як зачараваная, спрабавала намаляваць тое, што ёй бачылася ў срэбраных кропельках. Малявала тут і вясною, і летам, і ўвосень. У кожнай кропельцы бачылася ёй сонейка і божая кароўка, чароўнае казачнае вока і возера ў лясной глушы, бачыўся ёй блакітны зямны шар і зялёных лугоў абшар, у росных кропельках дзяўчына знайшла слёзы смалістай сасны і кроплі бярозавага соку - "капёж" вясны. Спрабавала намаляваць павуцінку, як лёсу сцяжынку, па якой лётае празрысты матылёк -- яе душа. І яшчэ раса давала адчуць набліжэнне кахання, подых навальніцы і шчасця.

Калі дзяўчына прыйшла на любімае месца, спачатку ўбачыла ў росным люстэрку прыгожага і мужнага мужчыну ў народных строях. Гэта было так незвычайна, што яна ўсклікнула:

-- О, Божачка! Які ж ты цуд стварыў! У кроплю расы сапраўднага беларуса пасадзіў ! Барані яго, Божа, не дай гэтаму цуду памерці! А мне яго з памяці ўжо ніколі не сцерці!

Здзівіўся Гервасій, падумаў, што толькі анёл можа ведаць пра яго адносіны да Бога і Смерці. Прыгадаў словы старога мудраца: "Сапраўднага беларуса лёс да Смерці заўжды пасылае. Смерць беларусамі кіруе, а потым сабе забірае... А Бог іх ратуе і дапамагае".

Дзівачка шчырым беларусам захапілася, сэрца яе закалацілася, зямля скаланулася, бы ад землятруса -- так прыходзіць сапраўднае каханне да беларусаў.

Выліваха глянуў ёй у вочы і... ўпершыню разгубіўся! То былі не вочы, а чароўныя расінкі! У якіх распальвалася сонейка і каханне. Гэтыя два полымя, разгараючыся, рабілі цуд - дзяўчынка ператваралася, як быццам наноў нараджалася. Калі раней яна зусім сябе не ведала -- з усім светам злівалася, дык зараз у каханні, бы прачнулася, адчула ў сабе нешта новае -- жанчыну і адкрыццём гэтым захаплялася.

СТРАШНА ГЕРВАСІЮ

Бабнік і гуляка Выліваха нечакана для сябе засаромеўся перад маладою дзяўчынай -- беларускім анёлам, за сваё жыццё і самога сябе. Чыстая дзяўчынка ўбачыла ў ім шчырага беларуса. У тым, у кім ўвесь час бачылі ці то бабніка, ці то п'янтоса, ці гуляку і лайдака, і звалі то рохляй, то здохляй, а то і быдлам. Дзяўчына ўбачыла ў Выліваху тое лепшае, што стагоддзямі назапашвалася ў беларусах. Ды так проста і пераканана пра гэта сказала, што Выліваха паверыў дзяўчыне і сапраўды адчуў у сабе нешта такое, пра што раней нават і не здагадваўся.

Адкрыццё так уразіла Выліваху, што ён на імгненне аслупянеў. Ён адчуваў сябе так, як тады перад Смерцю, калі яна прыйшла па яго першы раз. Тое ж самае ён адчуў, калі, ідучы побач са Смерцю, сустрэў вясковую дзяўчыну і закахаўся. Цяпер яго скавала амаль так, як калі ён выйграў у Смерці, вярнуўся ў родны горад і патрапіў на пахавальную працэссію, у якой неслі ягоную труну!

Гервасія скоўвала нерухомасць, якая бывае на мяжы чакання, пасля чаго ці вечнае забыццё, ці самога сябе адкрыццё. І невядомасць будучага лёсу ў гэты момант накідвае на чалавека ланцугі страху і чакання невядомага.

І ў гэтай невядомасці і страху, а таксама ў чаканні -- тоесныя Каханне і Смерць. Любоў і садызм. Але толькі ў гэтым імгненні.

Вось які момант перажываў беларус з мінуўшчыны, занесены ў будучыню, у кім юная беларусачка ўбачыла шчырага беларуса. Выліваха глядзеў у зачараваныя вочы і бачыў у іх сябе... маленькага хлапчука, калі ён тануў у дзедавай сажалцы (залез здуру па шыю печкуроў лавіць). А тануць пачаў, калі сербануў вады, спалохаўся, што захлынецца і будзе ляжаць у холадзе на дне. Страх той быў прывітаннем ад Смерці, першым знаёмствам з уладаю Кашчавай, пра якую да гэтага ведаў толькі з казак любімага дзеда. Тады ён на імгненне застыў і пайшоў камянём на дно і толькі праз некалькі секунд пачаў сутаргава рухаць нагамі і рукамі... -- выплыў. Некалькі дзён маленькі Гервасік тады жыў, што "блаженный". Усіх хацелася абдымаць ды цалаваць.

Вось і цяпер Гервасій адчуваў нешта падобнае. Дзявочыя вусны вабілі Гервасія, як пяшчотная кветачка. І яна млела ад шчасця салодкага прыцягнення. І ўлада, якою зараз валодаў над дзяўчынаю Гервасій палохала яго... Як палохала і натхняла пачуццё, якое валодала ім.

Выліваха ўбачыў у вачах у дзяўчынкі і адчуў тое самае, што перажыў, калі першы раз суседская маладзіца на вясковым вяселлі са смакам пячатала яго ў вусны. Тады ён спалохаўся ўзніклага недзе ў глыбіні душы пачуцця пякучага салодкага тамлення... аб якім раней шмат чуў, калі-нікалі марыў, а тут адчуў ягоную моц. Страх быў ад таго, што гэтае раней не знаёмае пачуццё мужчынскай моцы і пацягу пасля пацалунку, як пасля загаду, пачало кіраваць ім знутры, перабіваючы ўсе іншыя пачуцці, робячы іх неістотнымі, дзіцячымі. І ўзнікала пачуццё страху ад невядомага, ад знікнення адчування сябе дзіцёнкам і нараджэння нейкага новага больш дарослага -- юнака.

Падобны страх быў у Гервасія і тады, калі першы раз ён у спякотным ліпені апынуўся з дзяўчынай ў стозе сена, спякотным, як жыццё. І жар тады ахапіў усё цела -- жар страсці і кахання. І яшчэ шчокі гарэлі і выдавалі хваляванне,-- каб дзяўчына, не дай Бог, не адчула ў ім юнака, а спазнала сапраўднага мужчыну. Бо ён тады ледзь трымаў у сабе ўсё, што заклала ў яго прырода, ледзь стрымліваў натуральнае памкненне цела ўзарвацца жыццёваю сілаю, выплеснуць тое, чаго так баіцца і так ненавідзіць сама Смерць і ў той жа час чаго прагне і чым сілкуецца. І зараз Выліваха бачыў у вачах у дзяўчыны сябе таго, сарамлівага і нязграбнага, крыху спалоханага і наіўнага.

Такі ж па сваёй сутнасці страх валодаў Гервасіем, калі ён трымаў на руках сваё немаўлятка, дзесяць хвілін таму народжанае. То быў страх за лёс бездапаможнага чалавечка і страх адказнасці за яго абарону ад нягод, ад Смерці, пра якую бесперапынна яму нагадвалі крыкі немаўляткі. У той момант ён адчуваў сябе і бацькам, і яшчэ пакуль хлопцам, бо ні разу не рабіў па-сапраўднаму бацькоўскіх ўчынкаў. Страшна, а ці атрымаецца, ці спраўлюся?!

Ведала душа Вылівахі і яшчэ адзін страх. Калі ён сустракаў прыгажуню, і сэрца пачынала біцца, душа пачынала маліцца, каб узнікла сапраўднае каханне і ў глыбіні душі таілася спужанасць, што яно ізноў не прыйдзе. Калі ж праходзіла страсць, прыходзіў страх: згубіць прыгажуню і мажлівасць зноў і зноў перажываць найвялікшую асалоду цела. Пра душу і сапраўднае каханне ў такія моманты ўжо не думаў. Больш таго полымем страсці раз за разам выпальваў у сваёй душы каханне, не пазнаючы яго. Страсцю Выліваха імкнуўся падпарадкаваць сабе каханне, зрабіць яго сваёй уласнасцю, як робяць уласнасцю дом, ці зямлю, жонку, ці дзяцей. Страсцю хацеў Выліваха затрымаць каханне навечна ў сваёй душы.

Каханне пры гэтым выслізгвала з абдымкаў страсці ці скукожвалася ад яе жару ды знікала немаведама куды.

Калі б Выліваха задаў пытанні пра свае страхі ад кахання старому мудрацу, то абавязкова пачуў бы незвычайны расказ. Мудрэц расказаў бы Гервасію, што нармальны хлопец, які рос у любові бацькоў, як кветка ў кветніку, калі сустракае каханне, баіцца перш-наперш страціць незвычайнае пачуццё. І інтуітыўна адчувае, што, як толькі паспрабуе ўзяць уладу над каханай, дык адразу і знішчыць каханне. І таму ён адчувае страх ад узнікнення ўлады над любай і аддае гэтую ўладу ёй, а яна яму, і так яны пазбаўляюцца ўлады над каханнем і адзін над адным. І тады свабода, якою яны адарылі адно аднаго, як нябачная абалонка ахоўвае іх каханне.

Чалавек хворы на садызм, абавязкова імкнецца ўладай кахання падпарадкаваць сабе любую, і пачуццё адразу знікае, пакідае Гаспадара і служанку замест закаханых.

Сакрэт кахання стары мудрэц зведаў не з кніг. Ён калісьці даўно, яшчэ да сустрэчы маці Гервасія з бацькам быў закаханы ў маці Гервасія. І ёй здавалася, што сапраўднае па