|
|
|
Кароткі спіс войнаў, стратаў, рэпрэсіяў, якія зведала Беларусь за тысячагоддзе
Прадмова да другога выдання
Прырода скупа адмерыла чалавеку сумлення, і супольствы
людзей адвеку па-драпежніцку забіваюць і душаць адно аднае, каб падмацавацца
чужымі здабыткамі і выгадаваным чалавечым рэсурсам. Нікому дасюль не
ўдалося стаць выключэннем, і Беларусі - з прычыны геаграфічнага становішча
- тым болей. Кроніка падзеяў нашай гісторыі сведчыць, што змест жыцця
народа праз стагоддзі складала найперш фундаментальная патрэба - застацца
ў жывых. Часцяком проста на біялагічным узроўні, апошнія гадоў з двесці
ў дадатак - і як самастойны этнас. А ўсё астатняе адсюль вынікала.
Вядомае тысячагоддзе беларускай гісторыі адкрываецца гэтакай трагічнай
падзеяй - зруйнаваннем Полацка і вынішчэннем першай княжацкай дынастыі ў 980
годзе. З таго дня безупынныя намаганні суседзяў падпарадкаваць нашыя землі
праходзяць праз усе стагоддзі беларускага жыцця крывавым следам. Мяняючы формы
агрэсіі, гэты націск не спыняецца і на мяжы 3-га тысячагоддзя. Апроч знешняга
меў месца, як было і ёсць паўсюдна, ціск вышэйшых станаў на тых, з чыёй працы
яны жывуць. З гэтага вынікалі паўстанні і грамадзянскія войны, калі вырэзвалі
самі сябе. Таксама і рэпрэсіі як мера вынішчэння актыўнага пласту народа і
запалохвання рахманых былі добра зведаныя Беларуссю, асабліва пры царскай
уладзе, нямецкай акупацыі, пры савецкім і постсавецкім рэжымах.
Не менш за генацыд адбіліся на нашай гісторыі дзяржаўныя здрады, якія
ўсталяваліся ў жывую традыцыю і генетычна пазбавілі вышэйшыя станы, потым так
званую палітычную эліту інстынктыўнай прагі дзяржаўнай самастойнасці. Улада з
гэтакай заганай мыслення непазбежна задавольвалася ганебнай роляй паслужлівага
калабаранта.
Шмат войнаў, паўстанняў, рэпрэсіяў пазначаны ў «Спісе...» радком, хоць змяшчаюць
безліч трагічных падзеяў. Дзеля пералічэння ўсіх патрэбная шматтомная
Энцыклапедыя Смутку, якая ніколі не будзе поўнай, бо пра мноства даўніх
і нядаўніх чалавечых трагедый ведае толькі Бог. За кожным радком «Спіса...»
ахвяраваныя радзіме жыцці герояў, загубленыя бязвінныя жыцці, плач удоваў
і сіротаў, спаленыя хаты, неспраўджаныя задумы. Усё гэта - чыннікі, якія
важка ўплывалі на наш светапогляд. Колькі часу мы яшчэ праіснуем як самастойны
беларускі народ, а не пад гэтай назвай ужо ў якасці асіміляванай біямасы
дзеля павялічэння рэсурсаў чарговага саюзнага захопніка - залежыць ад
нашага розуму, самапавагі і гонару. А гэта такія якасці, якіх заўжды значна
меней, чым глупства, недасведчанасці і пакоры.
Легендарныя часы
V-VIII стагоддзі
На землі, якія займае цяперашняя Беларусь, мігруюць з захаду і поўдня
славянскія плямёны крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў, валынянаў. Чаму вырушылі
яны не да цяпла і мора, а сюды - у пушчы і балоты - неразгаданая таямніца нашых
прашчураў. На берагах Нёмана, Дзвіны, Сожа распачаліся этнічныя кантакты з
балтамоўнымі плямёнамі, паступова прышэльцы асімілявалі частку спрадвечных
насельнікаў гэтых зямель (голядзі, лотвы, латыголы, літвы, яцьвягаў). Менавіта
на падставе шчыльных этнакантактаў, узаемнага культурнага ўплыву, неабходнасці
агульнага суіснавання пачалося станаўленне беларусаў як этнічнай асабовасці са
сваім самастойным гістарычным лёсам і шляхам.
IX стагоддзе
859 - першыя напады варажскіх дружынаў (паморскіх славянаў - рарэгаў)
на паселішчы палачанаў па Заходняй Дзвіне і на літву па Нёману (па гэтак званых
«шляхах з варагаў у грэкі»).
862 - першае гістарычнае сведчанне пра існаванне сталіцы
крывічоў-палачанаў - Полацак.
865 - рабаўнічы паход дружыны варажскіх князёў Аскольда і Дзіра на
палачанаў.
866 - удзел полацкіх і дрыгавіцкіх дружынаў у няўдалым рабаўнічым
паходзе кіеўскіх князёў на Візантыю.
885 - рабаўнічы паход кіеўлянаў на чале з князем Алегам на землі
радзімічаў для абкладання іх данінай.
X стагоддзе
907 - удзел палачанаў і радзімічаў у рабаўнічым паходзе на Царград
(Канстанцінопаль) войска кіеўскага князя Алега.
944 - удзел палачанаў у рабаўнічым паходзе на Канстанцінопаль разам з
войскам кіеўскага князя Ігара.
960 - прыход у Полацак варажскага (з паморскіх славянаў) князя
Рагвалода, заснавальніка гістарычна вядомай полацкай дынастыі князёў, першага
вядомага па імені князя беларускай старажытнасці.
Часы Полацкага княства
980 - чэрвень, напад ноўгарадскага войска на чале з князям
Уладзімірам Святаславічам сумесна з нанятымі посілкамі з варагаў, чудзі і меры
на Полацак. Забойства полацкага князя Рагвалода і ягоных сыноў. Гвалт Уладзіміра
над князёўнай Рагнедай. Разбурэнне заваёўнікамі першага Полацкага дзядзінца.
Гэтая крывавая падзея адкрывае засведчаную летапісамі беларускую гісторыю.
983 - заваёўчы паход кіеўскага войска князя Ўладзіміра на землі
яцвягаў (займалі поўдзень-захад Берасцейскай і Гарадзенскай зямель) дзеля іх
падпарадкавання кіеўскай уладзе.
984 - заваёўчы паход кіеўскага войска на радзімічаў дзеля
падпарадкавання Кіеву зямель, багатых на балотную жалезную руду. Няўдалая для
радзімічаў бітва з кіеўлянамі на рацэ Пяшчане.
987 - няўдалы замах Рагнеды на жыццё мужа, князя Ўладзіміра. Высылка
Рагнеды са старэйшым сынам Ізяславам у горад на памежжы дрыгавіцкіх і крывіцкіх
зямель (сённяшняе Заслаўе).
989 - захоп кіеўскім князем Уладзімірам горада Турава пасля аблогі.
Жорсткая бітва з кіеўлянамі пакінула след ў мясцовай легендзе пра крывавыя
камяні, што прынесла ў Тураў рака. Прымусовае хрышчэнне жыхароў Турава.
989 - прымусовае хрышчэнне насельніцтва Заслаўя. Змушэнне з волі
князя Ўладзіміра да манаскага пастрыгу княгіні Рагнеды, якая пад імем Анастассі
стала першай беларускай манашкай.
XI стагоддзе
1013 - спроба князя Святаполка Тураўскага вывесці Тураў з-пад улады
Кіева, за што кіеўскі князь Уладзімір пасадзіў Святаполка разам з жонкай, дачкой
польскага караля Баляслава, і яе духоўнікам біскупам Рэйнбергам, у цямніцу. Былі
вызваленыя пад пагрозай вайны Кіеву з боку караля Баляслава, цесця Святаполка.
1015 - пачатак міжусобнай вайны тураўскага князя Святаполка са
зводным братам, ноўгарадскім князем Яраславам Мудрым (вайна цягнулася па 1018
год).
1016 - Любецкая бітва паміж палкамі Святаполка Тураўскага і Яраслава
Ноўгарадскага.
1018 - бітва палка Святаслава Тураўскага сумесна з посілкамі цесця,
польскага караля Баляслава Храбрага, супраць войска ноўгарадцаў князя Яраслава
Мудрага. Параза Святаполка.
1020 - захоп Берасця войскам польскага караля Баляслава.
1021 - паход полацкага князя Брачыслава Ізяславіча на Ноўгарад. Бітва
са сваім родным дзядзькам, кіеўскім князем Яраславам, на рацэ Судаміры.
1022 - паход войска князя Яраслава Мудрага на Берасце для адбіцця
горада ў палякаў.
1038 - рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава на поўдзень
Берасцейшчыны на яцвяжскія паселішчы.
1040 - рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава Мудрага на
паселішчы панёманскай літвы (Гарадзеншчына).
1044 - паўторны рабаўнічы паход кіеўскага князя Яраслава на
панёманскую літву (гістарычная літва займала ўсходнюю частку сённяшняй
Гарадзенскай вобласці). Заснаванне Наваградка на месцы спаленага заваёўнікамі
паселішча Жоўны.
1055 - удзел полацкага палка ў рабаўнічым паходзе кіеўскага і
чарнігаўскага князёў на сцепавыя паселішчы торкаў.
1065 - заваёўны паход полацкага князя Ўсяслава Чарадзея на Пскоў.
Бітва з ноўгарадцамі на рацэ Чарэсе.
1066 - заваёўны паход полацкага князя Ўсяслава Чарадзея на Вялікі
Ноўгарад. Захоп і разбурэнне горада, легендарны вываз званоў з ноўгарадскай
Сафійскай царквы ў Полацак.
1067 - люты, напад братоў Яраславічаў (кіеўскі князь Ізяслаў,
пераяслаўскі князь Святаслаў і чарнігаўскі князь Усевалад) на Менск. Захоп і
спусташэнне Менска і менскага замка, вынішчэнне мужчын, вывад у палон жанчын і
дзяцей.
1067 - 3 сакавіка, знакамітая, апаэтызаваная ў «Слове пра паход
Ігаравы», крывавая сеча паміж полацкім войскам Усяслава Чарадзея і злучанымі
войскамі братоў Яраславічаў на рацэ Нямізе (цэнтр цяперашняга Менска).
1067 - 10 ліпеня, здрадніцкі захоп братамі Яраславічамі князя
Ўсяслава Чарадзея каля Воршы пад час перамоваў. Браты парушылі сваю
крыжацалавальную клятву пра бяспеку для Ўсяслава пры сустрэчы. Полацкі князь і
два яго старэйшыя сыны апынуліся ў земляной турме кіеўскага замка. Прабылі ў
зняволенні 10 месяцаў.
1068 - 15 жніўня, паўстанне кіеўлянаў супраць князя Ізяслава прынесла
Ўсяславу і яго сынам волю. Усяслаў Чарадзей быў абраны на кіеўскага князя.
Прабыў на кіеўскім стальцы 7 месяцаў і вярнуўся на Полаччыну адваёўваць сваю
сталіцу ад кіеўскага стаўленніка, на што спатрэбілася тры гады.
1069 - бітва полацкага войска Ўсяслава Чарадзея з ноўгарадскім
войскам на рацэ Бені.
1076 - рабаўнічы паход на землі Полацкага княства войска Ўладзіміра
Манамаха.
1077 - паход на Полацак чарнігаўскага і смаленскага палкоў на чале з
князем Уладзімірам Манамахам.
1078 - бітва палачанаў з аб'яднанымі кіеўскім і ноўгарадскім войскамі
Ўладзіміра Манамаха і яго палавецкімі хаўруснікамі.
1085 - паноўны заваёўны паход Уладзіміра Манамаха на Полацкае
княства. Бітва палачанаў на чале з Усяславам Чарадзеям з войскамі Манамаха.
Бязлітаснае разбурэнне («не пакінуў ні чэлядзіны, ні скаціны») Манамахам
гістарычнага Менска на рацэ Менцы, які знаходзіўся ў 20 вярстах ад сучаснага
Менска.
XII стагоддзе
1102 - рабаўнічы паход полацкага князя Барыса на яцвягаў. Заснаванне
Барысава на Бярэзіне і засяленне яго палоннымі яцвягамі.
1103 - удзел полацкага палка князя Давыда Ўсяславіча ў рабаўнічым
паходзе кіеўскіх князёў на палавецкія землі.
1104 - спусташальны паход полацкага князя Давыда і групоўкі
смаленскага, чарнігаўскага, пераяслаўскага князёў на чале з Уладзімірам
Манамахам на менскага князя Глеба, роднага брата Давыда.
1106 - рабаўнічы паход менскага князя Глеба разам з дружынамі іншых
удзельных князёў Полаччыны (сваіх родных братоў) на земгалаў.
1114 - вайна менскага князя Глеба з літоўскім князем Жывібундам.
Аблога і спаленне літоўцамі прадмесцяў Менска.
1116 - рабаўнічы паход смаленскага палка князя Вячаслава на Менскае
княства, захоп Воршы і Копысі.
1116 - вайна кіеўскага князя Ўладзіміра Манамаха сумесна са
смаленскім князем Вячаславам, князем пераяслаўскім Яраполкам і князем
чарнігаўскім Давыдам супраць дрыгавічоў і палачанаў. Разбурэнне Друцка, вывад
друцкага жыхарства ў Пераяслаўскае княства дзеля засялення пустак.
1117 - паход менскага палка князя Глеба вайной на землі Смаленскага
княства.
1117 - паход менскага палка князя Глеба на Наваградак, каб выбіць
адтуль кіеўлянаў.
1119 - перамога войска Ўладзіміра Манамаха над менскім войскам. Асада
і ўзяцце штурмам Менскага замка, палон менскага князя Глеба Ўсяславіча.
Пакутніцкая смерць Глеба ў кіеўскай вязніцы (быў замардаваны голадам).
1128 - захопніцкі паход згуртаваных войскаў кіеўскага, чарнігаўскага,
смаленскага князёў на Полацкае княства. Захоп і высылка пяці полацкіх князёў з
сем'ямі ў Візантыю.
1132 - паўстанне па рашэнню веча ў Полацку супраць кіеўскага
стаўленніка князя Святаполка Мсціславіча. Вяртанне ў Полацак князя полацкай
дынастыі - Васілька Святаславіча.
1132 - рабаўнічы паход гарадзенскага князя Ўсяслава Давыдавіча на
паселішчы панёманскай літвы.
1150 - паноўная міжусобная война Полацкага і Менскага княстваў.
1151 - паўстанне гараджанаў Полацка супраць свайго князя Рагвалода
Барысавіча, разрабаванне княжага двара.
1151 - удзел гарадзенскага князя Барыса Ўсеваладавіча ў сумесным
паходзе князёў на Кіеў.
1158 - беспаспяховая аблога Турава супольным войскам князёў на чале з
кіеўскім князем Ізяславам (працягвалася 10 тыдняў).
1158 - міжусобная война палачанаў з менчукамі. Аблога Менска войскам
полацкага князя Рагвалода Барысавіча.
1159 - паўторная аблога Менска полацкімі і друцкімі дружынамі князя
Рагвалода Барысавіча.
1161 - 3-тыднёвая аблога Турава палкамі валынскіх князёў.
1161 - разгром менчукамі полацкага войска князя Рагвалода Барысавіча
пад Гарадцом.
1169 - удзел палачанаў у разбурэнні Кіева разам з войскамі
ўладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага.
1181 - рабаўнічы паход на Друцк згуртавання чарнігаўскіх, полацкіх
князёў і ноўгарадскага палка.
1183 - удзел гарадзенскай і пінскай дружынаў ў паходзе на палавецкага
хана Канчака разам з кіеўскім князем Святаславам.
1191 - рабаўнічы паход ноўгарадцаў на літоўскія паселішчы.
1195 - змаганне полацкіх князёў са смаленскім князем Давыдам
Расціславічам. Перамога палачанаў над смалянамі.
1198 - сумесны захопніцкі паход полацкіх і літоўскіх дружынаў на
горад Вялікія Лукі ў Ноўгарадскую зямлю.
XIII стагоддзе
1201 - паход войска полацкага князя Валадара на літоўскія землі.
1203 - першы ваенны паход полацкага войска ў Лівонію на Ордэн
мечаносцаў.
1205 - рабаўнічы паход літоўскіх дружынаў на полацкія землі.
1206 - паноўны паход палачанаў ў Лівонію на Ордэн мечаносцаў, каб
абараніць свае правы на даніну з ліваў.
1207 - прайграная бітва палачанаў крыжакам-мечаносцам за горад
Кукейнос.
1208 - захоп мечаносцамі полацкага прыгарада Ерсікі. Паўстанне
жыхароў Кукейноса, вынішчэнне крыжацкага гарнізона.
1212 - у сутычках з мечаносцамі Полацак страціў правы на збор даніны
з воднага шляху па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора.
1219 - сумесныя ваенныя дзеянні Наваградка, галіцкіх і літоўскіх
князёў супраць палякаў.
1222 - захопніцкі паход мазураў разам з немцамі на землі прусаў і
дайновы (племя дайнова займала поўнач Гарадзеншчыны).
1226 - абарона кукейноскім князем Вячкам разам з палачанамі горада
Юр'ева ад мечаносцаў.
1226 - захопніцкі паход галіцкіх палкоў на Берасцейшчыну. Напад на
Пінск, захоп у палон сям'і пінскага князя. Бязлітаснае вынішчэнне яцвяжскіх
паселішчаў.
1229 - рабаўнічы наезд нальшанцаў і літвы на Вялікі Ноўгарад.
1229 - чарговы захопніцкі паход галіцка-валынскага войска на
Берасцейшчыну на паселішчы яцвягаў.
1234 - няўдалы наезд нальшанцаў і наваградцаў на горад Русу; бітва са
смалянамі на рацэ Дуброўцы.
1235 - паход наваградскіх і літоўскіх дружынаў на Мазовію.
1237 - пераможная бітва наваградцаў, літвы і галіцка-валынскіх палкоў
з тэўтонскімі крыжакамі пад Драгічыным на Бузе. Пасля гэтай паразы Ордэн
мечаносцаў (Лівонскі) і Нямецкі ордэн аб'ядналіся.
1239 - рабаўнічы наезд наваградцаў і літвы на землі Смаленскага
княства. Звычайная мэта наездаў - лупы.
1240 - удзел палачанаў у бітве ноўгарадцаў са шведамі на Няве.
1242 - засведчаны летапісамі ўдзел полацкіх ваяроў ў разгроме
мечаносцаў у бітве на Чудскім возеры.
Часы Вялікага Княства Літоўскага
1245 - няўдалы рабаўнічы наезд наваградскіх і нальшанскіх дружынаў на
Таржок і Бежацк.
1246 - рабаўнічы наезд наваградцаў і літвы на Валынь, паражэнне на
зваротным шляху ад галіцкага войска.
1246 - спусташальнае ўварванне мангола-татараў у паўднёвыя раёны
Беларусі.
1248 - рабаўнічы напад яцвягаў князя Скамонда на Ўладзіміра-Валынскія
землі.
1248 - пачатак 6-гадовай вайны наваградцаў на чале з князем Міндоўгам
з князем Данілам Галіцкім за вяршэнства ў стварэнні новай дзяржавы пасля
зруйнавання татарамі Кіева.
1249 - легендарная бітва наваградцаў і літвы на чале з князем
Міндоўгам з татарамі хана Койдана каля Крутагор'я.
1249 - рабаўнічы напад галіцка-валынскіх князёў на Ваўкавыск і
наваградскую зямлю.
1251 - захопніцкі паход галіцка-валынскага войска разам з пінскім і
тураўскім палкамі на Наваградак і Горадню.
1252 - паход жамойцкіх князёў Таўцівіла і Едзівіда на Смаленск.
1253 - рабаўнічы паход наваградскіх і літоўскіх дружынаў на землі
Вялікага Ноўгарада.
1253 - захопніцкі паход галіцкага войска на Наваградак, валынскіх
палкоў - на Горадню.
1253 - хрышчэнне князя Міндоўга, ягонага баярства ў каталіцкую веру.
З'яўленне ў Наваградку каталіцкага касцёла. Простае падпарадкаванне наваградскай
кафедры папе рымскаму, а не лівонскаму біскупу, што забяспечвала Міндоўгу
большую падтрымку касцёла. Каралеўская каранацыя Міндоўга ў Наваградку.
1255 - захопніцкі сумесны паход галіцкага войска і мазураў на чале з
мазавецкім князем Земавітам на Берасцейшчыну на яцвягаў. Вынішчэнне яцвяжскіх
паселішчаў і княскага роду Сцекінтаў.
1255 - рабаўнічы захоп і разбурэнне Любліна палкамі наваградцаў і
літвы на чале з Міндоўгам.
1256 - захопніцкі паход на яцвягаў галіцкага і валынскага войска,
ваўкавыскага, свіслачскага, наваградскага палкоў. Вывад мноства яцвягаў у палон.
1258 - рабаўнічы наезд наваградцаў на смаленскі горад Вайшчыну,
перамога над смаленскім войскам каля Таржка.
1258 - вызваленне князем Войшалкам Наваградка з-пад улады галіцкіх
князёў, палон князя Рамана Данілавіча, якога мусіў выкупляць бацька - князь
Даніла Галіцкі.
1259 - рабаўнічы наезд на Наваградскія землі і літву татарскага
войска хана Бурундая разам з саюзнымі войскамі галіцка-валынскіх князёў. З
гэтага года па 1338 год татары разам з уладзіміра-валынскімі князямі хадзілі на
Наваградскую дзяржаву 7 разоў, але не здолелі перамагчы.
1260 - вяртанне князя Міндоўга да язычніцкай веры, выгнанне
каталіцкіх святароў. (Палітычная памылка Міндоўга, якая аднавіла на наступнае
стагоддзе крыжовыя паходы на Вялікае Княства.)
1260 - разгром крыжакоў аб'яднанымі сіламі наваградцаў, літвы, прусаў
у буйной бітве каля возера Дурбе.
1262 - разбуральны паход наваградцаў, літвы, палачанаў на Мазовію ў
помсту за крыжовы паход мазураў разам з немцамі на яцвягаў. Захоп і спаленне
сталіцы мазураў Плоцка, спаленне Варшавы. Забойства мазурскага князя Земавіта.
1263 - змова князёў Трайняты і Даўмонта супраць Міндоўга. Забойства
нальшанскім князем Даўмонтам вялікага князя Міндоўга і яго малодшых сыноў за
абразу (адняцце жонкі).
1263 - паход наваградцаў, літвы, палачанаў на Бранскае княства.
1264 - забойства наваградскім князем Трайнятам свайго сваяка,
полацкага князя Таўцівіла пад час княжацкай міжусобіцы.
1264 - забойства князя Трайняты канюшымі князя Міндоўга,
арганізаванае яго старэйшым сынам князем Войшалкам.
1264 - разгром наваградскім князем Войшалкам князёў Нальшчы і
Дзяволтвы. Уцёкі князя Даўмонта разам з дружынай у Пскоў.
1265 - рабаўнічы напад пскоўскага палка на чале з князем Даўмонтам на
Нальшу і Наваградчыну.
1267 - рабаўнічы сумесны паход дружынаў Вялікага Ноўгарада і Пскова
на чале з князем Даўмонтам на нальшу, літву і Полаччыну.
1274 - вайна наваградцаў і літвы на чале з князем Трайдзенем з
аб'яднанымі сіламі галіцка-валынскіх і татарскіх князёў.
1274 - захоп гарадзенскім і наваградскім палкамі на чале з князем
Трайдзенем польскага горада Драгічына над Бугам.
1275 - рабаўнічы аб'яднаны паход галіцкіх, валынскіх, бранскіх палкоў
разам з мангола-татарамі хана Менгу-Цеміра на Наваградскае княства. Захоп і
разрабаванне Наваградка.
1276 - перасяленне часткі прусаў на сталае жыхарства пад Горадню і ў
Слонім дзеля выратавання ад крыжакоў.
1276 - рабаўнічы наезд валынскіх дружынаў на Берасцейшчыну. Бітва
наваградскага войска з валынянамі каля Камянца.
1277 - спусташальны паход галіцка-валынскіх князёў разам з
мангола-татарамі на Наваградак і Горадню. Перамога наваградскім князем
Трайдзеням заваёўнікаў у бітве каля Горадні.
1279 - рабаўнічы паход тэўтонскіх крыжакоў на Наваградак. Перамога
наваградскага войска над крыжакамі.
1281 - вызваленне наваградскім войскам ад лівонскіх крыжакоў Ерсікі.
1283 - захоп яцвяжскіх заходніх земляў Тэўтонскім ордэнам. Задушэнне
прускага і яцвяжскага паўстання. Пераход часткі яцвягаў на сталае жыхарства на
Скідзельшчыну і пад Дзятлава.
1283 - рабаўнічы паход войска Вялікага Княства Літоўскага на
Сандамірскую зямлю (Польшча).
1284 - напад лівонскіх крыжакоў на Горадню. Горад быў захоплены з-за
здрады сярод абаронцаў і значна разбураны.
1284 - перамога наваградцаў і літвы на чале з легендарным князем
Рынгольдам над злучанымі войскамі татараў і рускіх князёў Святаслава кіеўскага,
Льва ўладзімірскага і Дзмітрыя друцкага ў бітве каля вёскі Магільна.
1286 - рабаўнічы паход войска Вялікага Княства на Польшчу, заваёва
горада Добжына.
1287 - рабаўнічы напад татарскіх палкоў на наваградскія і літоўскія
(панёманскія) землі.
1291 - рабаўнічы паход наваградскага войска на чале з князем Віценем
на польскія Куявы.
1294 - задушэнне наваградскімі, полацкімі, гарадзенскімі палкамі на
чале з вялікім князям Віценем паўстання жамойцкіх баяраў, схільных да саюза з
тэўтонскімі крыжакамі.
1296 - два рабаўнічыя напады запар на Горадню крыжакоў Тэўтонскага
ордэна. Вынішчэнне гарадскіх пасадаў.
1296 - рабаўнічы паход наваградцаў на чале з князем Віценем на
Мазоўшу.
1298 - перамога войска Вялікага Княства Літоўскага разам з рыжскім
апалчэннем над лівонскімі рыцарамі ў бітве на рацэ Трэйдры.
XIV стагоддзе
1305 - пераможная бітва войска наваградскай дзяржавы - Вялікага
Княства Літоўскага - з крыжакамі ў Жамойці.
1306 - напад крыжацкіх адделаў на Гарадзенскі замак.
1306 - паход войска наваградскай дзяржавы на чале з князем Віценем на
польскія землі. Ліцвінскія палкі дашлі аж да Каліша.
1307 - вызваленне войскам Вялікага Княства Літоўскага, ачоленым
князем Віценем, Полацка, які захапілі крыжацкія аддзелы.
1311 - рабаўнічы паход 6-тысячнага войска крыжакоў на вёскі і гарады
Гарадзеншчыны.
1311 - паражэнне войска вялікага князя Наваградскай дзяржавы Віценя ў
бітве з крыжакамі каля Растэнбурга ў Прусіі.
1314 - перамога войска гарадзенскага старасты князя Давыда (сына
Даўмонта) над крыжакамі пад Наваградкам.
1315 - рабаўнічы напад татараў на землі Наваградскай дзяржавы.
1315 - далучэнне да Наваградскай дзяржавы Берасцейскай зямлі. Паход
войска вялікага князя Віценя на крыжакоў у Прусію.
1316 - гібель вялікага князя Віценя пад час навальніцы ў полі каля
Наваградка ад удара перуна.
1318 - паход гарадзенскіх конных харугваў на чале з князем Давыдам на
немцаў у Прусію.
1320 - перамога войска Вялікага Княства Літоўскага над крыжакамі каля
Меднікаў.
1320 - захопніцкі паход войска Вялікага Княства на чале з Гедзімінам
на гарады Ўладзімір-Валынскі і Луцк.
1322 - пераможная бітва войска вялікага князя Гедзіміна з
уладзіміра-валынскімі і бранскімі князямі на рацэ Ірпень недалёка ад Кіева.
«Кроніка літоўская і жамойцкая» датуе гэтым годам далучэнне валынскіх і
северскіх княстваў да ВКЛ.
1323 - удзел гарадзенскага палка на чале з князем Давыдам ў абароне
Пскова ад крыжакоў.
1323 - наезд крыжакоў на Наваградскія землі. Няўдалая для іх аблога
Лідскага замка.
1324 - рабаўнічы напад крыжацкіх аддзелаў на Мядзел, спаленне вёскі
Верцялішкі.
1324 - паход войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем
Давыдам Гарадзенскім на землі мазураў.
1325 - напад татарскага войска на землі Вялікага Княства Літоўскага.
1325 - спусташальны паход крыжацкіх палкоў на Полаччыну.
1325 - 16 кастрычніка, шлюб дачкі Гедзіміна Ганны-Альдоны з польскім
каралевічам Казімірам. Пасагам Альдоны сталі вызваленыя Гедзімінам польскія
вязні, якіх назбіралася за папярэднія гады наездаў на Польшчу 24 тысячы. Гэтая
лічба, прыведзеная храністам М.Стрыйкоўскім, некалькі перабольшаная, бо яна
роўная войску, якое выводзілі на вайну. Цікава, што Гедзімін нічога болей да
пасагу дачкі не дадаў. Варта параўнаць гэтыя ўмовы шлюба з шлюбнымі ўмовамі
Крэўскай дынастычнай вуніі 1385 года.
1326 - паход войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Давыдам
Гарадзенскім на Брандэнбург. Здрадніцкае забойства князя Давыда падкупленым
польскім рыцарам Андрэем Гостам.
1328 - напад крыжацкіх палкоў на Горадню. Паход войска ВКЛ на чале з
Гедзімінам на лівонскіх рыцараў.
1329 - напад крыжацкіх палкоў на Гарадзеншчыну і Жамойць.
1331 - рабаўнічы напад войска ВКЛ на польскія землі з тае прычыны,
што сваяк Гедзіміна польскі карольУладзіслаў Лакаток адмовіўся выступіць сумесна
супраць крыжакоў і не выплаціў неабходную за адмову кампенсацыю.
1331 - пераможная бітва палкоў вялікага князя Гедзіміна з тэўтонцамі
магістра Генрыка фон Плока на рацэ Акмені. Гедзіміну дапамагала татарская
конніца.
1333 - напад крыжацкіх аддзелаў на Полацак.
1336 - паход прускіх крыжакоў і запрошанага нямецкага рыцарства на
замак Пунэ; тысячы ліцвінаў, каб не здавацца ў палон, самі сябе забілі.
Надзвычайны выпадак мужнасці.
1338 - напад татарскага войска на землі Вялікага Княства Літоўскага.
1339 - удзел друцкага палка ў паходзе татараў на Смаленск.
1341 - аблога войскам Вялікага Княства крыжацкага замка Баербург.
Смерць у баі вялікага князя Гедзіміна пад час штурму замка.
1341 - паход князя Альгерда са сваім віцебскім палком на дапамогу
пскавічам супроць крыжакоў.
1342 - паход полацкага, троцкага, віцебскага палкоў на чале з князем
Альгердам на дапамогу Пскову, асаджанаму крыжакамі.
1343 - рабаўнічы паход крыжацкіх аддзелаў на Полаччыну. У наступныя
27 гадоў крыжакі правялі 100 нападаў і паходаў на Вялікае Княства, у адказ
войска ВКЛ зрабіла 42 паходы на крыжакоў.
1344 - змова Альгерда і Кейстута, малодіых сыноў Гедзіміна, супраць
старэйшага брата Яўнута, які «па старыне» пераняў месца бацькі на троне вялікага
князя. Злучыўшы свае вайсковыя сілы, Альгерд і Кейстут парушылі закон і аднялі
сабе ўладу. Пераможаны Яўнут атрымаў ва ідзел Заслаўе, ад яго пайшлі князі
Заслаўскія.
1345 - паход войска Вялікага Княства на чале з князем Альгердам на
лівонскіх крыжакоў.
1346 - паход вялікага князя Альгерда на землі Вялікага Ноўгарада,
разбурэнне паселішчаў па Шалоні і Лузе.
1348 - бітва войска Вялікага Княства, ачоленага Альгердам, з
крыжакамі на рацэ Стрэва. Смерць пінскага князя Глеба Нарымунта ў бітве з
крыжакамі на рацэ Атраве.
1349 - пачатак 3-гадовай вайны Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай
за Валынь і Падляшша.
1350 - спусташальны паход войска ВКЛ на чале з князем Кейстутам і
дапаможных ардынскіх аддзелаў на Польшчу.
1352 - адбіцце войскамі Вялікага Княства крыжацкага пахода на
беларускія землі.
1358 - заняцце войскамі вялікага князя Альгерда горада Мсціслаўя.
1359 - далучэнне ваеннай сілай зямель Бранскага княства да Вялікага
Княства Літоўскага.
1360 - далучэнне сілай да Вялікага Княства гарадоў Тарапца,
Ноўгарад-Северскага, Старадуба.
1362 - напад крыжакоў на Ковенскі замак на Нёмане.
1362 - перамога гарадзенскага палка над крыжацкім войскам маршала
Ордэна Шындэкопфа ў бітве каля Горадні.
1362 - перамога беларускага войска на чале з князем Альгердам над
ардынцамі на Сіняй Вадзе. Пачатак вызвалення Ўкраіны ад татарскага прыгнёту.
Далучэнне вызваленых зямель да Вялікага Княства Літоўскага.
1363 - паход войска Вялікага Княства на чале з Альгердам на Старадуб,
Аболенск, Маскву.
1365 - бітвы войска Вялікага Княства з крыжацкімі палкамі, якія
напалі на Віленшчыну.
1365 - вызваленне войскамі Вялікага Княства Літоўскага Кіева ад
татараў. Паход войска ВКЛ на Прусію.
1367 - паход войска ВКЛ на чале з князем Кейстутам на Мазовію.
1368 - паход войска Вялікага Княства на чале з князем Альгердам на
Маскоўскае княства і Маскву.
1370 - паход палкоў князя Кейстута на польскую частку Валыні.
Спусташальны наезд на Малапольшчу. Абрабаванне самага багатага і значнага на той
час рэлігійнага асяродка Польшчы - Лысагурскага манастыра.
1370 - паноўны паход войска Вялікага Княства на чале з князем
Альгердам на Маскоўскае княства.
1370 - адпор крыжацкаму нашэсцю на Віленшчыну.
1372 - бітва злучаных войска Вялікага Княства і цвярскога апалчэння з
маскоўскім войскам каля Любуцка.
1373 - аблога Дынабурга войскамі князя Андрэя Полацкага.
1374 - напад крыжацкіх аддзелаў на горад Дзісну.
1375 - паход крыжакоў на Гарадзеншчыну, асада Горадні.
1376 - рабаўнічы паход князя Кейстута на Малапольшчу. Паход Альгерда
на Прусію.
1377 - 24 траўня, сканаў вялікі князь Альгерд. Пры ім абшары ВКЛ
павялічыліся ў 2 разы. Адразу па яго смерці адбыліся напад лівонскіх крыжакоў на
Друю і напад тэўтонскіх крыжакоў разам з 2 тысячамі эўрапейскіх рыцараў на
Гарадзеншчыну.
1379 - паход крыжакоў на Берасцейшчыну, асада Камянца.
1380 - 8 верасня, ўдзел полацкага палка князя Андрэя Альгердавіча і
друцкага палка ў бітве маскоўскага войска з татарамі на Куліковым полі. Паход
войска князя Ягайлы на дапамогу Мамаю (у бітву не ўступіў). Героямі бітвы былі
князі Альгерд Полацкі, Дзмітрый Альгердавіч Бранскі і іхны дваюрадны брат
Дзмітрый Міхайлавіч Баброк Валынскі.
1380 - беспаспяховая аблога крыжацкім войскам Полацка.
1381 - захоп войскам ВКЛ прускага горада Астэродэ.
1381 - мяцеж полацкага насельніцтва супраць прысланага на княжанне
нехрышчонага Скіргайлы (роднага брата вялікага князя Ягайлы). Палачане пасадзілі
Скіргайлу задам наперад на каня і выгналі з горада разам з яго дружынай.
1382 - паход крыжацкіх палкоў на беларускія землі.
1382 - паход у адказ беларускага войска на Прусію.
1382 - захоп Камянца польскім войскам князя Януша Мазавецкага.
1382 - гвалтоўная смерць князя Кейстута ў Крэўскім замку (задушаны на
загад роднага пляменніка, князя Ягайлы).
1382 - верасень, у тую ж камору Князскай вежы Крэўскага замка, дзе
быў задушаны князь Кейстут, на загад Ягайлы змясцілі князя Вітаўта. Яго чакаў
такі ж лёс, які сустрэў бацька. Вітаўт здолеў з дапамогай жонкі, смаленскай
княгіні Ганны, арганізаваць уцёкі. Разам з роднымі папрасіў прытулку ў Ордэна і,
сабраўшы палкі сваіх прыхільнікаў, распачаў міжусобную вайну з Ягайлам за карону
Вялікага Княства Літоўскага. Вайна з невялікімі перапынкамі цягнулася 10 гадоў.
1383 - вызваленне Камянца ад палякаў войскам вялікага князя Ягайлы
пасля 7-дзённай аблогі.
1383 - спусташальныя паходы прыхільнікаў князя Вітаўта з крыжацкімі
посілкамі на Коўна, Трокі, Вільню ў часе міжусобнай вайны з Ягайлам.
1384 - напады палкоў князя Вітаўта на Віленшчыну і Гарадзеншчыну.
Асада крыжакамі Лідскага і Ашмянскага замкаў.
Часы пасля Крэўскай вуніі
1385 - 15 жніўня, у Крэўскім замку адбылася цырымонія заключэння
дынастычнай вуніі Вялікага Княства з Польскім каралеўствам. Князь Ягайла,
атрымоўваючы польскую карону і каралеву Ядвігу, аддаваў Вялікае Княства Польшчы
на жорсткіх умовах поўнай страты дзяржаўнасці ВКЛ. Гэта адразу забяспечыла яму
польскія посілкі ў вайне з Вітаўтам. Вітаўт мусіў паверыць абяцанкам Ягайлы
стаць яго намеснікам у ВКЛ і пайсці на замірэнне. Таму з боку Ягайлы вунія
засведчана яго родным братам князем Сямёнам-Лунгвенам Мсціслаўскім і варожым да
яго князем Вітаўтам. Неўзабаве Вітаўт аднавіў ваенныя дзеянні. Па сутнасці, з
дня Крэўскай вуніі пачынаецца заняпад дзяржаўнай моцы ВКЛ. Дзяржаўная здрада
Ягайлы (аддаў дзяржаву ў пасаг) заклала падмурак гістарычнай драмы, не
разыгранай да канца па сёння.
1386 - хрышчэнне Літвы і Чорнай Русі (Гарадзеншчына), якія трымаліся
язычніцтва, ў каталіцтва. Пачатак супрацьстаяння дзвюх хрысціянскіх канфесіяў у
Беларусі.
1386 - выступленне полацкага князя Андрэя супраць свайго малодшага
брата, польскага караля Ягайлы, і Крэўскай вуніі.
1386 - абарона палачанамі горада ад палкоў князя Івана-Скіргайлы,
роднага брата Ягайлы.
1386 - бітва войска Вялікага Княства са смалянамі на рацэ Віхры.
1388 - пачатак 4-гадовай барацьбы князя Вітаўта супраць Крэўскай
вуніі і за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.
1389 - асада Мсціслаўя смаленскім войскам князя Святаслава.
1390 - паход польскага войска на чале з каралём Ягайлам на
Гарадзенскае княства (вернае Вітаўту). 50-дзённая аблога палякамі Гарадзенскага
замка.
1390 - аблога Віленскіх замкаў крыжакамі і палкамі князя Вітаўта.
Разбурэнне Ніжняга замка і горада Вільні. Пры аблозе быў забіты малодшы брат
Ягайлы князь Васіль-Казімір Віганд. Яму адсеклі галаву і насілі на дзідзе перад
сценамі замкаў, запужваючы абаронцаў.
1391 - паход палкоў князя Вітаўта разам з крыжацкімі посілкамі на
Вільню. Спаленне Крывога горада пры аблозе.
1391 - захоп войскамі князя Вітаўта з дапамогай крыжацкіх аддзелаў
Гарадзенскага замка.
1391 - асада Наваградка войскам вялікага магістра Тэўтонскага ордэна
Конрада Валенрода.
1392 - разбурэнне князем Вітаўтам крыжацкага замка Рытэрсвердэр (каля
Коўна) напярэдадні вяртання ў Вільню і каранацыі.
1392 - захоп крыжацкімі аддзеламі горада Суража.
1392 - 5 жніўня, заключэнне ў Востраве каля Ліды Востраўскага
пагаднення паміж польскім каралём Ягайлам і князем Вітаўтам, якое паклала канец
шматгадовай міжусобіцы і ўмацавала незалежнасць ВКЛ.
1392 - задушэнне вялікім князем Вітаўтам мяцежу князя Свідрыгайлы,
малодшага брата Ягайлы, у Віцебску.
1393 - захоп і спаленне крыжакамі Гарадзенскага замка.
1393 - захоп крыжакамі з дапамогай палкоў, верных князю Вітаўту, Ліды
і Лідскага замка.
1394 - безпаспяховая аблога Наваградка крыжацкім войскам вялікага
магістра ордэна Конрада фон Юнінгена.
1394 - паход палкоў князя Свідрыгайлы разам з крыжакамі на Віцебск.
Спаленне прадмесцяў горада. Узяць віцебскі замак крыжакі і прыхільнікі
Свідрыгайла не здолелі.
1396 - паўторны захоп князем Свідрыгайлам Віцебска і адваёва горада
палкамі вялікага князя Вітаўта.
1397 - паход войска Вялікага Княства на чале з князем Вітаўтам на
крымскіх татараў.
1397 - аблога Воршы смаленскім войскам князя Святаслава.
1398 - дазвол князя Вітаўта татарам, што адыйшлі ад Арды, на сталае
пасяленне на землях ВКЛ (Іўе, Слонім, Трокі, Менск) з абавязкам нясення
вайсковай службы.
1399 - 12 жніўня, бітва войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з
Вітаўтам (сумесна с польскімі, крыжацкімі посілкамі) з ардынскімі татарамі хана
Эдыгея на рацэ Ворскле (Украіна). Самая няўдалая для Вялікага Княства бітва
сярэднявечча. У сечы палегла дзве траціны войска Вялікага Княства, загінулі 60
беларускіх, летувіскіх, украінскіх князёў, сярод іх героі Кулікоўскай бітвы -
Андрэй Полацкі, Дзмітрый Бранскі, Дзмітрый Баброк Валынскі. Параза ўзмацніла
залежнасць ВКЛ ад Польшчы.
XV стагоддзе
1401 - спроба смаленскіх князёў адыйсці ад Вялікага Княства
Літоўскага. Аблога Смаленска войскамі князя Вітаўта.
1401 - узяцце войскамі Вялікага Княства горада Дынабурга пасля
працяглай аблогі і штурма.
1401 - аблога аршанскага замка войскам мяцежнага Свідрыгайлы.
1402 - паход крыжакоў сумесна з аддзеламі Свідрыгайлы на Вільню і
Гарадзеншчыну. Беспаспяховая аблога крыжакамі Гарадзенскага замка.
1402 - бітва войска ВКЛ на чале з князем Сямёнам Мсціслаўскім з
разанскім войскам каля горада Любуцка.
1403 - захоп палкамі князя Сямёна Мсціслаўскага Вязьмы.
|